Фота: БелаПАН
Фота: БелаПАН

Новы спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па сітуацыі ў Беларусі можа быць прызначаны ў чэрвені. Пра гэта паведаміў італьянскі дэпутат Андрэа Рыгоні 25 красавіка на пасяджэнні Камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі ПАСЕ ў Страсбургу. Аўдыёзапіс абмеркавання прадастаўлены БелаПАН прэс-службай Савета Еўропы.

Рыгоні, які ў чэрвені мінулага года прадставіў сваю справаздачу па сітуацыі ў Беларусі, з’яўляецца ўжо былым спецдакладчыкам па сітуацыі ў Беларусі і да 27 чэрвеня 2018 года можа ўдзельнічаць у абмеркаванні далейшых крокаў ПАСЕ ў адносінах з Беларуссю.

У сваім выступе ён адзначыў, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, якая ўсё яшчэ не з’яўляецца членам Савета Еўропы. «І кожны раз, калі мы ўспамінаем пра Беларусь, гэта важна, — сказаў Рыгоні. — Гэта не азначае, што не існуе сёння ўмоў для вяртання Беларусі ў еўрапейскую сям’ю, але нам важна ведаць, што адбываецца ў гэтай краіне. У нас могуць быць розныя меркаванні, але, на шчасце, у нас ёсць магчымасць для дыялогу і абмеркаванняў».

Рыгоні спадзяваўся, што будзе дасягнуты большы прагрэс у адносінах з Беларуссю за той час, пакуль ён з’яўляўся спецдакладчыкам. Аднак, паводле яго слоў, у Беларусі так і не правялі рэформу выбарчага заканадаўства, не ўвялі мараторый на смяротнае пакаранне і не пачалі паважаць фундаментальныя правы, у тым ліку права на свабоду прэсы і свабоду выказвання.

«Але неабходна працягваць нашу працу, уплываць на Беларусь, каб яна пачала рабіць крокі наперад, пачала рэформы. Гэта наша місія, — сказаў Рыгоні. — Як і ў іншых краінах, перамены выклікаюць страх, але гэта цана рэформаў, змены прынясуць карысць».

У прэс-службе ПАСЕ БелаПАН удакладнілі, што Камітэт па палітычных пытаннях пакуль не прыняў рашэння ні па кандыдатуры новага дакладчыка, ні па даце новага прызначэння.