Аляксандр Ярашук
Аляксандр Ярашук, фота БелаПАН

Упершыню за 10 год Мінгарвыканкам дазволіў незалежным прафсаюзам правесці першамайскую акцыю. Паводле заяўкі Рады Беларускага кангрэсу дэмакратычных сіл, акцыя адбудзецца 1 траўня з 14 па 16 гадзіну ў Кіеўскім скверы.

Незалежныя прафсаюзы ў сваёй заяўцы прапанавалі тры магчымыя месцы акцыі ў Мінску: пляцоўку каля Тэатра оперы і балета, парк Янкі Купалы і Кіеўскі сквер. У выніку дазвол атрымалі на тое, каб правесці акцыю ў Кіеўскім скверы.

Лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавёў “Свабодзе”, што прафсаюзныя актывісты ўжо болей за 10 гадоў не атрымлівалі дазволу ўладаў на свае маёўкі.

Ён удакладніў, што летась БКДП замаўляў шэсце ад кінатэатру «Кастрычнік» да плошчы Бангалор і на ёй мітынг. Тады ўлады забаранілі шэсце, але дазволілі мітынг. І прафсаюзы разам з апазыцыйнымі палітычнымі партыямі, якія далучыліся да ініцыятывы, супольна вырашылі «не ісці на такую здзелку з уладамі».

Сёння, паводле Ярашука, сітуацыя трохі іншая. Ад самага пачатку заяўнікамі мітынгу выступалі чатыры незалежныя прафсаюзы, што ўваходзяць у БКДП.

Кіраўнік БКДП кажа, што прафсаюзныя актывісты не лічаць 1 траўня святам працы.

«Гэта той дзень, калі рабочыя ў розных краінах патрабуюць ад сваіх урадаў годных умоў працы, годных заробкаў, спынення пераследу прафсаюзных актывістаў. І мы таксама будзем гэтым займацца», — сказаў ён.

Незалежныя прафсаюзы будуць высоўваць патрабаванні аб змене эканамічнага курсу, сацыяльнай паліыткі беларускай дзяржавы. Будуць таксама патрабаванні аб падвышэнні заробкаў і пенсіяў і адмены сумнавядомых дэкрэтаў Аляксандра Лукашэнкі.

У Раду БНК ўваходзяць Вацлаў Арэшка, Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Вячаслаў Сіўчык, Мікалай Статкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Генадзь Фядыніч і 14 кіраўнікоў рэгіянальных кааліцый дэмакратычных сіл.