Клуб рэдактараў, прысвечаны папраўкам у беларускім законе аб СМІ
Клуб рэдактараў, прысвечаны папраўкам у беларускім законе аб СМІ

Амаль што не гляджу БТ (берагу сваё псіхічнае здароўе), але тут падказалі, што ў мінулую пятніцу ў “Клубе рэдактараў” на тэлеканале “Беларусь 1” паны ў студыі патапталіся па маім артыкуле, падрыхтаваным спецыяльна для “Народнай Волі” і надрукаваным 18 красавіка. Адмыслова паглядзеў запіс выпуску. Слухайце, якая дэмагогія! Нахабна падмяняюць тэзы, тэму дыскусіі, прыпісваюць апаненту тое, чаго ён не заяўляў, і потым бамбуюць за гэта прыпісанае.

Увогуле я напісаў у “Народнай Волі” пра тое, што папраўкі ў закон аб СМІ, на мой погляд, кепскія, што не варта гнаць коней, а трэба арганізаваць сапраўднае грамадскае абмеркаванне. З мяне ж зрабілі дэструктыўнага элемента. Сённяшні галоўны рэдактар “Советской Белоруссии” Дзмітрый Жук заявіў, што мара Класкоўскага – масавыя забурэнні. А кіраўнік “Сельской газеты” Сяргей Міховіч – што для такіх, як я, чым горай, тым лепей.

Былы ж старшыня Белтэлерадыёкампаніі, а цяпер лідар праўладнай “Белай Русі” Генадзь Давыдзька рытарычна спытаўся: а з якой гэта ласкі дзяржава ўвогуле павінна “цацкацца” з масавымі пратэстамі?

Што ж, хоць не я навязваю гэту тэму (і ўвогуле не аднойчы заяўляў у сваіх каментарыях, што не з’яўляюся прыхільнікам рэвалюцый, гвалту), але калі ўжо на тое, то патлумачу.

Дзяржава, пан Давыдзька, мусіць цацкацца з грамадзянамі, у тым ліку абуранымі, таму, што дзяржава – гэта не святая карова, гэта толькі апарат чыноўнікаў, а вось шматтысячныя маніфестацыі – гэта народ. Чыноўнікаў і сам кіраўнік дзяржавы мяняе як пальчаткі. Сёння вы надзімаецеся ад важнасці, а заўтра можаце, як кажа прэзідэнт, з мятлой пайсці. Народ жа, паводле нашай Канстытуцыі, з’яўляецца адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў Беларусі. Яе грамадзянам Асноўны закон гарантуе свабоду мірных сходаў, мітынгаў, шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання.

Падобнае запісана і ў канстытуцыях іншых краін. І калі аўтарытарная ўлада доўга ігнаруе правы ды свабоды грамадзян, то можа адбыцца тое, што мы бачылі ва Украіне падчас майданаў або ў гэтыя дні ў Арменіі, дзе супраць упартага чапляння за ўладу абрыдлага дзеяча выйшлі пратэставаць сотні тысяч – і ўрэшце дамагліся, што прэм’ер Серж Саргсян падаў у адстаўку. Хто не цацкаецца з народам, а робіць стаўку на дручок, той моцна рызыкуе калі-небудзь нарвацца.

Так што хада вашых думак, пан Давыдзька, няправільная. Не на мове застрашвання і дручкоў трэба з народам размаўляць. Наадварот, варта было б дэмакратызаваць закон аб масавых мерапрыемствах, а не абкладаць іх ініцыятараў чырвонымі сцяжкамі з усіх бакоў, як гэта робіцца ў нас.

Яшчэ важней дэмакратызаваць Выбарчы кодэкс, вярнуць празрыстыя канкурэнтныя выбары, бо народ выходзіць на вуліцы найчасцей там, дзе няма магчымасці змяніць уладу праз электаральны механізм. Ён жа ў нас даўно заблакіраваны ржавым ломам. Смеху варта, што баяцца прапісаць у законе ці пастанове Цэнтрвыбаркама, каб пры падліку галасоў паказваўся кожны бюлетэнь, як гэта даўно робіцца нават у адсталых краінах Афрыкі.

Дык вось, пан Жук, я не мару пра забурэнні, я абедзвюма рукамі за мірную трансфармацыю Беларусі. Але, каб не было рэвалюцый, трэба ладзіць даўно наспелыя рэформы і ў эканоміцы, і ў палітыцы, і ў медыйнай сферы таксама. Іншая рэч, што тады дзяржаўным медыямонстрам не застанецца месца, яны прайграюць канкурэнцыю на сумленным медыйным рынку. Яны ўжо сёння прайграюць незалежным рэсурсам у Сеціве, таму чыноўнікі і хочуць гэтыя рэсурсы закілзаць папраўкамі ў закон аб СМІ.

Праўда, яшчэ адзін удзельнік “Клуба рэдактараў” – кіраўнік тэлеканала СТБ, былы першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі запэўніваў, што папраўкі – мяккія. Але ж я ставіў пытанне больш прынцыпова: чаму ў дэмакратычных краінах (той жа суседняй Польшчы) няма рэгістрацыі нават друкаваных СМІ (хочаш – бяры і выпускай), а ў нас гэты бюракратычны фільтр з мноствам надуманых умоў (мець статус юрыдычнай асобы, рэдактару – пяць гадоў кіроўнага стажу ў СМІ) зараз хочуць накінуць і інтэрнэт- рэсурсам? Чаму мы рухаемся не следам за развітымі краінамі, а ў процілеглы бок? Чыноўнікі цвердзяць: гарманізуем заканадаўства ў межах ЕАЭС. Брава, знайшлі светачаў дэмакратыі: Казахстан, дзе інтэрнэт заціснуты ў разы мацней, чым у нас; Расію, улады якой цяпер тупа ваююць з месенджарам Telegram, валячы мноства ні ў чым не вінаватых сайтаў ды веб-сэрвісаў. Чаму беларускія ўлады, ківаючы на сусветны досвед, бяруць з яго толькі самы жорсткі інструментарый?

Яшчэ было пацешна, калі паны ў студыі сталі палохаць  народ, што калі медыі стануць прыватнымі, як хоча Класкоўскі (хоць я казаў пра раздзяржаўленне, а гэта не адно і тое ж), то давядзецца ўводзіць на іх новы падатак (як у гнілой Брытаніі на Бі-Бі- Сі). Што з’явіцца яшчэ адзін радок у жыроўках няшчасных бабулек.

Во як: страшаць падаткам на Бі-Бі-Сі (гэта, між іншым, не прыватная, а грамадская медыйная арганізацыя), але маўчаць, колькі ў нас ідзе з бюджэту на дзяржаўныя СМІ. Дык Бі-Бі-Сі ж якасны прадукт дае, а яны? “Продукт вторичный”, калі згадаць антыўтопію Вайновіча.

У заходніх краінах вядзе рэй менавіта грамадскае тэлебачанне, на якім пануе плюралізм меркаванняў, вытрымліваюцца салідныя эфірныя квоты для апазіцыі. Дзе такое ТБ у нас? Няма і напамінку. На Бі-Бі-Сі даюць узважаную інфармацыю і збалансаваныя каментарыі, а не гоняць прапагандос і хлусню. Вось вы кажаце, што трэба ліквідаваць ананімнасць у Сеціве, каб змагацца з фэйкамі і паклёпамі. А хто адкажа за леташнія пасквілі ў дзяржСМІ супраць фігурантаў справы “Белага легіёна”, якая потым ганебна рассыпалася?

Між тым у нас няшчасным бюджэтнікам выкручваюць рукі, каб падпісваліся на дзяржаўную прэсу. Пры гэтым пан Жук у адным з выпускаў той самай перадачы заявіў: калі “дзяржава прасоўвае менавіта свае выданні”, то гэта нармальна, “людзям, нанятым на працу дзяржавай, карысна чытаць дзяржаўную прэсу”.

Карацей, калі вас гвалтуюць прымусовай падпіскай, расслабцеся і атрымлівайце задавальненне. Вы ж, як любяць паўтараць беларускія чыноўнікі, “государевы люди”.

Панове, ачухайцеся! На двары трэцяе тысячагоддзе, калі дзяржаўная прэса – анахранізм. У большасці дэмакратычных краін яе ўвогуле няма. Прайшоў час бальшавіцкіх “органаў”. Забудзьцеся на зазубраную некалі працу Леніна “Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура”. Лепей, зноў жа, зазірніце ў Канстытуцыю, якая забараняе манапалізацыю СМІ дзяржавай.

Што ж да народных грошай, то, калі вы надта сціплыя, скажу за вас: у сёлетнім рэспубліканскім бюджэце на дзяржаўныя СМІ выдзелена 112,9 млн рублёў (значна болей, чым летась: дзе ж ваша самаакупнасць?). І гэта без уліку той падтрымкі, што ідзе з мясцовых бюджэтаў рэгіянальным медыям, а з бюджэтаў міністэрстваў – ведамаснаму друку. У ліку тых, хто атрымлівае казённае фінансаванне, фігуруе і рэдакцыя “Советской Белоруссии”. Бедненькія… Пры гэтым недзяржаўныя медыі з бюджэту не атрымліваюць ні капейкі. Вось вам і дэклараваныя той жа Канстытуцыяй роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці. Як у Оруэла: ёсць роўныя і ёсць раўнейшыя.

Зрэшты, недзяржаўная прэса і не лезе да казённага карыта. Адно пажаданне: каб не душылі, далі нармальна працаваць. Але ж душаць, у тым ліку і драконаўскімі папраўкамі ў закон аб СМІ. Гэта ўжо не першая іх нізка, закону цішком зрабілі рэпрэсіўны апгрэйд напрыканцы 2014 года. Ужо тады Мінінфарм атрымаў паўнамоцтвы блакіраваць сайты без папярэджання і без суда. Цяпер хочуць душыць ямчэй.

У сваім папярэднім артыкуле я зважаў менавіта на тое, што пазасудовы парадак блакіравання веб-рэсурсаў не адпавядае прынцыпам прававой дзяржавы (калі вы ўжо такія дзяржаўнікі), заклікаў да шырокага грамадскага абмеркавання новай рэдакцыі закона аб СМІ. Але ж праект ужо пракруцілі праз Палату прадстаўнікоў у першым чытанні, праігнараваўшы прапановы Беларускай асацыяцыі журналістаў, дэпутата Ганны Канапацкай. Мала шанцаў, што іх прынцыповыя заўвагі будуць улічаны пры другім чытанні, якое не прадугледжвае канцэптуальных правак. Што ж вы наконт гэтага маўчыцё, як мыла з’еўшы?

Увогуле такое ўражанне, што заўсёднікі “Клуба рэдактараў” не ведаюць нават жыцця суседніх краін ЕС. Давыдзька даводзіў: у нас жа і нумар мабільнага па пашпарце даюць, так што няма нічога страшнага і ў ідэнтыфікацыі інтэрнэт-каментатараў. Ды выедзьце вы хоць у Вільнюс: там сімку купіце ў любым шапіку без аніякага пашпарта. І неяк жа не развалілася літоўская дзяржава. А пан Жук праводзіў думку, што за намі і так могуць няспынна сачыць: праз тыя ж мабільнікі, плацежныя карткі, таму, маўляў, калі сачэння дадасца – такой бяды. Карацей, перадача ператварылася ў апафеоз паліцэйскай дзяржавы.

Так, ва ўсім свеце спецслужбы маюць пэўныя паўнамоцтвы, інструменты і прававыя падставы для сачэння, каб змагацца з тэрарызмам, напрыклад. Але ж у дэмакратычных краінах спецслужбы пастаўлены пад моцны грамадзянскі кантроль, у нас жа гэтага і блізка няма (пра што вялікае начальства кажа нават з гонарам). І ў нас спецслужбы, увогуле сілавыя структуры напоўніцу выкарыстоўваюцца менавіта ў палітычных мэтах, дзеля барацьбы з апанентамі цяперашняй уладнай групоўкі.

З іншага боку, ва ўсім свеце прэса адстойвае свабоду, бо аматараў яе прыдушыць усюды багата. І толькі ў нас персоны з медыйнага кіраўніцтва выступаюць песнярамі заціскання гаек. Дык ці прэса гэта ўвогуле? Болей падобна на тое, што дзяржаўніцтвам пэўныя персанажы прыкрываюць банальную сервільнасць. Адно што ўдзячны панам з “Клуба рэдактараў” за рэкламу маёй творчасці. Галоўрэд “СБ” сказаў, што не памятае, каб Класкоўскі напісаў пазітыўны аналіз, піша, маўляў, адзін негатыў.

Што праўда, то праўда: няма ў мяне ні каліва сімпатый да сістэмы, пры якой вядуць рэй некаторыя цемрашалы, што выдаюць сваю дрымучасць ды лёкайства за дзяржаўніцтва. А гэта сістэма ў нас трывае, на жаль, даўно. І баюся, што яна надоўга. А як дажыву, то буду рады адрэагаваць пазітыўным артыкулам, калі час абскурантаў скончыцца.

Калі ж коратка рэзюмаваць маю сціплую рэцэнзію на “Клуб рэдактараў”, то вашы перадачы, панове, – гэта, як кажа моладзь у інтэрнэце, вынас мозгу, адстой і днішча.

Артыкул апублікаваны ў газеце “Народная Воля” за 24 красавіка 2018 года

1 каментар

Comments are closed.