Лукашэнка гатовы адправіць у адстаўку міністра транспарту Сівака

172
Фота: БЕЛТА
Фота: БЕЛТА

У сувязі з карупцыяй у ведамстве Аляксандр Лукашэнка гатовы адправіць у адстаўку міністра транспарту і камунікацый Анатоля Сівака.

“У сістэме Мінтранса ўсё часцей узнікаюць пытанні карупцыйных праяў, — адзначыў афіцыйны лідар, выступаючы 24 красавіка са штогадовым пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. — Неабходна самым кардынальным чынам навесці там парадак, прычым раз і назаўсёды. Я адкрыта скажу, што ўжо блізкі да таго, каб Сівака адправіць туды ж, куды міністра лясной гаспадаркі (Міхаіла Амельяновіча. — БелаПАН.). І шчыра кажу, што ваша міністэрства самым жорсткім чынам знаходзіцца ў цэнтры ўвагі праваахоўнай сістэмы ў цэлым. Дзейнічайце!”

“Хабарніцтва здольнае падарваць асновы любой дзяржавы, — падкрэсліў Лукашэнка. — Менавіта яно стварае глебу для росту ценявой эканомікі, падрывае давер людзей да дзяржавы. У нашай краіне не павінна быць месца карупцыі. Барацьба з ёй на ўсіх узроўнях была і будзе самай рашучай і празрыстай”.

Як адзначыў афіцыйны лідар, СМІ рэгулярна асвятляюць гучныя арышты і пакаранне службовых асоб за такія злачынствы. “У звычайнага чалавека нават можа скласціся ўражанне, быццам усе вакол жулікі і злодзеі. Вядома ж, гэта не так. У сістэме кіравання шмат сумленных, прыстойных людзей. Такіх — абсалютная большасць. Інакш проста немагчыма было б працаваць. І тое, што нашы грамадзяне бачаць на тэлеэкранах, чытаюць на старонках газет, толькі паказвае адкрытасць улады ў пытаннях барацьбы з гэтым злом”, — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, людзі павінны разумець, што ніякія сітуацыі не замоўчваюцца, недатыкальных няма і не будзе. “Апошнія кадравыя перамены — яркі таму прыклад”, — адзначыў афіцыйны лідар, нагадаўшы, што летась папярэджваў кіраўнікоў: калі на іх падведамных прадпрыемствах, у арганізацыях, установах будуць зафіксаваныя выпадкі карупцыі, то яны пазбавяцца сваіх пасадаў.

“Але, мабыць, не ўсе зразумелі з першага разу, — заявіў Лукашэнка. — Таму нядаўна давялося расстацца і з міністрам спорту і турызму (Аляксандрам Шамко. — БелаПАН.), міністрам лясной гаспадаркі. У аднаго дырэктар (мінскага Палаца спорту. — БелаПАН.) браў хабар з прыватнікаў і нават манахаў, якія хацелі арандаваць месца. Другі наогул не заўважыў, як прадавалі высакаякасны лес па цане пілавіння”.

“Глядзіце, такіх выпадкаў быць не павінна. Горшая толькі сітуацыя, калі сам кіраўнік бярэ хабар, як, напрыклад, дырэктар дэпартамента па авіяцыі (Уладзімір Косцін. — БелаПАН.). Тут у мяне размова кароткая: узяў хабар — адкажаш. Гэта было, ёсць і застанецца маёй прынцыповай пазіцыяй не толькі як прэзідэнта, але і як чалавека і грамадзяніна”, — папярэдзіў афіцыйны лідар.

Фота: ctv.by
Фота: ctv.by
Даведка. Анатоль Сівак нарадзіўся ў 1962 годзе ў Гомельскай вобласці. У 1986 годзе скончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту, у 1998-м — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. У 2002—2006 гадах быў намеснікам начальніка Беларускай чыгункі, мае вышэйшую галіновую ўзнагароду — знак “Ганаровы чыгуначнік”. У 2006—2009 гадах — памочнік прэзідэнта — галоўны інспектар па Мінску, у 2009—2012 гадах — начальнік Беларускай чыгункі. Міністр транспарту і камунікацый з 31 ліпеня 2012 года.

Няма запісаў для адлюстравання