Фота: Наша Ніва
Фота: Наша Ніва

24 красавіка Аляксандр Лукашэнка выступіў перад Нацыянальным сходам. А пасля дэпутаты задавалі яму свае пытанні. Гэта частка традыцыйна не трапляе ў тэлетрансляцыю.

Ганна Канапацкая распавяла «Нашай Ніве», пра што пыталася ў Лукашэнкі і які атрымала адказ.

«Я спытала наконт дэцэнтралізацыі рэгіёнаў. Скарачаецца ініцыятыва мясцовых уладаў па паступленнях у бюджэт, зніжаюцца стымулы прадпрымальніцкай і інвестыцыйнай ініцыятывы, і ўсё гэта — прычына павышэння ўзроўню карупцыі на месцах. І для барацьбы з прычынамі карупцыі прыйшоў час перадаць уладу на месцах людзям праз свабодныя шчырыя выбары, а кантроль за уладай перадаць грамадзянскай супольнасці. І я спытала, ці гатовы прэзідэнт падтрымаць рэформу мясцовага самакіравання, — паведаміла Канапацкая.

На гэта я атрымала адказ, што так, Лукашэнка гатовы падтрымаць любую рэформу, калі будзе бачыць, што яна наспела ў грамадстве. Але ён адзначыў, што ў нас з ім рознае разуменне грамадзянскай супольнасці: маўляў, на яго думку, я пад грамадзянскай супольнасцю маю на ўвазе толькі апазіцыю, а ён лічыць грамадзянскай супольнасцю і прафсаюзы, і саюзы жанчын і грамадскія аб’яднанні».

Пытанні іншых дэпутатаў Канапацкая назвала не вартымі ўзроўню Лукашэнкі.

«Некалькі дэпутатаў пыталіся пра адное і тое ж, пра чэргі на жыллё, пра арэнду зямлі… Гэта не узровень Лукашэнкі, думаю, што дэпутаты самі могуць браць на сябе адказнасць і выносіць заканадаўчыя ініцыятывы, калі іх тое турбуе», — сказала Ганна Канапацкая.