Інфаграфіка: spring96.org
Інфаграфіка: spring96.org

У Мінску скончыліся суды за збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы, паведамляе сайт spring96.org. Актывіст ствараемай партыі БХД Раман Ганчароў завяршыў сумны спіс удзельнікаў збору подпісаў у падтрымку беларускамоўнай адукацыі, якіх суды пакаралі штрафамі.

Збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы распачаўся ў Мінску і некаторых гарадах Беларусі 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы. 27 лютага лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч перадаў у Міністэрства адукацыі больш за 2 тысячы подпісаў.

Практычна на ўсіх удзельнікаў акцыі былі складзеныя пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Дзіўным і незразумелым выглядае класіфікацыя “збору подпісаў” як масавага мерапрыемства, а яшчэ больш прыкра, што актывістаў караюць за абарону роднай мовы.

Цягам сакавіка і красавіка розныя па велічыні штрафы атрымалі 10 актывістаў, прычым Павел Пракаповіч нават двойчы, на агульную суму 100 базавых велічынь.

Па прычыне накіравання суддзямі на дапрацоўку пратаколаў, складзеных у дачынені да Эдуарда Пальчыса і Рамана Ганчарова, суды над імі адбыліся пазней: 4 красавіка суд Фрунзенскага раёна пастанавіў пакараць штрафам блогера Пальчыса на суму 30 базавых велічыняў (735 рублёў), а 13 красавіка гэты ж суд вынес пастанову аб прыцягненні да адказнасці Рамана Ганчарова. Ягоная віна пацягнула таксама на 30 базавых.

Подпісы збіраліся ў тым ліку за пашырэнне правоў беларускай мовы, наданне мажлівасці бацькам абіраць мову навучання ў анкеце пры пастаноўцы на улік у садок альбо школу, стварэння і наяўнасці ў кожным дзіцячым садку і школе беларускамоўных груп і класаў.