Фота: racyja.com
Фота: racyja.com

У гомельскім грамадска-палітычным цэнтры «Палеская, 52» 19 красавіка адкрылася выстава «Лісты палітвязняў з 1996 года да нашых дзён».

Экспазіцыю падрыхтаваў Цэнтр даследаванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі, а арганізаваў мерапрыемства закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр «Вясна» сумесна з грамадскай кампаніяй «Будзьма!».

Як паведаміла на адкрыцці праваабаронца і літаратар Паліна Сцепаненка, у экспазіцыі сабраная частка лістоў палітычных зняволеных, а ўсяго такіх лістоў у даследчыкаў налічваецца каля 1.400.

«Праведзеная вялікая праца, бо першы палітвязень у незалежнай Беларусі з’явіўся ўжо ў 1996 годзе, гэта быў паэт Славамір Адамовіч, і з таго часу ў Беларусі з’явіліся больш за 200 палітвязняў, паводле падлікаў праваабаронцаў. Увесь гэты час ішоў нябачны, негвалтоўны супраціў, перапіска з палітвязнямі. Гэтую тэму мала хто асэнсоўваў, але той жа Гомель быў актыўным у перапісцы з палітвязнямі», — адзначыла Сцепаненка.

Паводле яе слоў, праваабаронцы сабралі тую частку лістоў, якія аўтары былі згодныя апублікаваць, адсканавалі іх і заархівавалі, каб паказаць, што адбывалася ў Беларусі за апошнія 22 гады, як ішла падтрымка людзей, якія сядзелі за кратамі за свае перакананні.

«І вось у нас 11 стэндаў з лістамі, якія з’яўляюцца з 1996 года. Сёння важна пісаць гісторыю праваабарончага руху, бо дзяржава піша свае падручнікі, манапалізуе права на нацыянальную памяць, і калі грамадскасць не будзе пісаць успаміны, фіксаваць тое, што было, гэта можа знікнуць бясследна», — лічыць праваабаронца.

Падчас адкрыцця выставы адбылася таксама прэзентацыя кнігі Бяляцкага «Халоднае крыло Радзімы», напісанай у турме. Вядомы праваабаронца распавёў на мерапрыемстве аб сваім турэмным вопыце.

«Мы бачым, што новая гісторыя Беларусі непарыўна звязаная з рэпрэсіямі, і так атрымалася, што праца нашага праваабарончага цэнтра фактычна з самага пачатку была накіраваная на дапамогу рэпрэсаваным. Фактычна праца» Вясны «пачалася з «Чарнобыльскага шляху» 1996 года, калі было вельмі шмат затрыманых. Першыя грошы, якія пачалі збіраць, — у падтрымку Славаміра Адамовіча. У мяне быў цэлафанавы пакет, і падчас аднаго з мітынгаў я збіраў грошы, людзі кідалі, хто што мог. Назбіраўся цэлы пакет купюр, які мы аддалі маці Адамовіча. Грошы тады былі таннымі, але людзі, чым маглі, аказвалі салідарнасць».

Бяляцкі заўважыў, што пачатку пратэстаў апазіцыі ў 90-х не было ні аднаго года, каб хто-небудзь не сядзеў у турме за свае палітычныя перакананні: «Былі гады, калі гэта былі некалькі чалавек. Мы арыентуемся на міжнародныя стандарты, якія выпрацавалі на працягу дзесяцігоддзяў. Часта справы вельмі заблытаныя, часам яны маюць крымінальны падтэкст, а потым аказваецца, што руку прыклаў КДБ, што яны былі справакаваныя. Гэтыя загадкі нашай гісторыі, напэўна, адкрыюцца пазней, тым не менш, мы маем відавочныя прыклады парушэння правоў, якія звязаныя з пераследам людзей за адстойванне грамадскіх і палітычных правоў».

У Гомелі выстава будзе працаваць да 5 мая, а затым яе пакажуць у іншых гарадах Беларусі.