Фота: racyja.com
Фота: racyja.com

Еўрапарламент у чарговы раз спрабуе гаварыць той мовай, якую ён беспаспяхова выкарыстоўваў у адрас Беларусі да гэтага больш за 20 гадоў, заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, каментуючы прынятую напярэдадні рэзалюцыю Еўрапарламента.

«Гэта мова таго, хто хоча толькі дэклараваць, не клапоцячыся пра тое, ці будуць яго словы пачутыя і зразуметыя», — падкрэсліў Мірончык.

Паводле яго слоў, у сённяшнім дыялогу паміж Беларуссю і іншымі органамі ЕС, а таксама яго краінамі-членамі «такая мова ўжо стала анахранізмам». «Яна не апраўдала сябе, — сказаў Мірончык. — Беларусь і ЕС прыходзяць да новых рэалій ва ўзаемаадносінах, новых эфектыўных і дэмакратычных фарматаў зносін. Дзякуючы ім кожны бок зараз можа прасоўваць уласныя інтарэсы, прынцыпы і каштоўнасці, паважаючы пры гэтым інтарэсы, прынцыпы і каштоўнасці іншага партнёра. І такія зносіны прыносяць плён, прычым абодвум бакам».

Гэты факт рэзалюцыя Еўрапарламента цалкам ігнаруе, тым самым спрабуючы абясцэніць намаганні дыпламатыі самога Еўрасаюза, адзначыў Мірончык. «Але складальнікі дакумента наўрад ці імкнуліся да аб’ектыўнасці, іх мэты былі іншымі, — сказаў прэс-сакратар МЗС. — Таму я думаю, іх не здзівіць, што наша стаўленне да гэтага дакумента будзе такім жа, як і да іншых падобных рэзалюцый. Іх «штампоўка» цікавая, па ўсёй бачнасці, толькі іх аўтарам».

«Тым не менш мы ўпэўненыя, што рана ці позна Еўрапарламент зойме пазіцыю, якая будзе ў большай ступені адпавядаць яго рэнамэ аўтарытэтнага дэмакратычнага інстытута, а таксама мэтам і задачам Еўрасаюза ў цэлым. Гэта толькі пытанне часу. Беларусь заўсёды гатова да ўзаемадзеяння з Еўрапейскім парламентам у канструктыўным ключы, што зусім не выключае крытыку. Аднак у такім дыялогу няма месца натацыям», — рэзюмаваў прэс-сакратар.

У прынятай 19 красавіка на сесіі ў Страсбургу рэзалюцыі Еўрапарламент заклікаў улады Беларусі выконваць правы чалавека.

«Хоць ЕС неаднаразова падкрэсліваў, што паважанне фундаментальных свабод, вяршэнства закону і правоў чалавека з’яўляецца абавязковай умовай для паляпшэння і далейшага развіцця адносінаў з Беларуссю, сітуацыя з правамі чалавека ў краіне працягвае выклікаць занепакоенасць», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Адзначаецца, што ў Беларусі працягваецца практыка запалохвання і пераследу грамадскіх і апазіцыйных актывістаў, палітыкаў, журналістаў. Еўрапарламент шкадуе пра затрыманні апазіцыйных актывістаў і палітыкаў, у тым ліку Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Някляева, напярэдадні і падчас Дня Волі.

Еўрапарламент таксама заклікаў улады неадкладна вызваліць двух беларускіх палітвязняў Міхаіла Жамчужнага і Дзмітрыя Паліенку і аднавіць у грамадзянскіх і палітычных правах усіх былых палітвязняў.

Акрамя таго ў рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік да ўладаў «неадкладна аднавіць працу па рэфармаванні выбарчага заканадаўства». Адзначана, што Беларусь працягвае ігнараваць рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіі па паляпшэнні выбарчага заканадаўства. Мясцовыя выбары, якія прайшлі ў лютым 2018 года, зноў прадэманстравалі наяўнасць сур’ёзных недахопаў і працэдурных парушэнняў, у тым ліку праблемы з назіраннем за галасаваннем і падлікам галасоў.

Еўрапарламент выказвае шкадаванне ў сувязі з пераследамі журналістаў і незалежных СМІ ў Беларусі, у тым ліку «незаконным выдаленнем» з выбарчага ўчастка падчас мясцовых выбараў прадстаўніка тэлеканала «Белсат» Андрэя Козела і блакаваннем сайта «Хартыя-97».

Аўтары рэзалюцыі заклікаюць беларускія ўлады неадкладна і безумоўна спыніць блакаванне «Хартыі-97» і адмовіцца ад прыняцця паправак у закон аб СМІ, якія ўяўляюць «сур’ёзную пагрозу для свабоды слова ў краіне».

У дакуменце падкрэсліваецца, што Беларусь працягвае заставацца апошняй краінай у Еўропе, якая прымяняе смяротнае пакаранне. Беларусь заклікаюць неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку на шляху да яго поўнай адмены.

Еўрапарламент расчараваны неаднаразовымі адмовамі ў рэгістрацыі дэмакратычным апазіцыйным партыям і заклікае ўлады Беларусі ліквідаваць перашкоды для іх рэгістрацыі, а таксама выключыць з Крымінальнага кодэкса артыкул 193.1, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Аўтары рэзалюцыі рэкамендуюць уладам Беларусі «пачаць канструктыўны і адкрыты дыялог з дэмакратычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю», гарантаваць грамадзянам захаванне іх правоў на свабоду сходаў, асацыяцый, мірных дэманстрацыяй і забяспечыць свабодную працу ўсіх СМІ.