Фота: Наша Ніва
Фота: Наша Ніва

У хуткім часе мае адбыцца з’езд Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дзе адбудуцца выбары новага старшыні.

Гэтым разам кандыдатуры на лідарства дзьве, і сярод іх няма Анатоля Лябедзькі — барацьба разгорнецца паміж Васілём Паляковым і Ганнай Канапацкай.

Выходзіць, пасля 18 гадоў лідарства ў партыі Анатоль Лябедзька вырашыў сысці? Пра гэта палітык расказаў «Нашай Ніве».

«Гэта праўда, цяпер я займаюся сваімі надзённымі справамі і не маю ў сваім графіку пункта аб балатаванні ў старшыні АГП. Чым буду займацца далей? Вазьму нейкі тайм-аўт, вызначуся…», — сказаў Лябедзька.

Мы папрасілі яго падсумаваць 18 год свайго старшынства ў партыі.

«Самаацэнка будзе хіба што няслушнай — хай іншыя ацэняць. Галоўнае, пры сённяшняй хліпкасці беларускай партыйнай сістэмы АГП, усё ж такі, на фоне іншых палітычных структур выглядае, мне падаецца, трохі лепш. З гледзішча патэнцыялу, інфраструктуры, захавання традыцый. Вядома, што самая галоўная праблема, якая замінала нам развівацца — гэта адсутнасць выбараў. Вось, гэта тое чаго бракуе, што не дае магчымасці зірнуць, які рэальны патэнцыял партыі», — сказаў Лябедзька.

Мы таксама ўдакладнілі, ці не можа паўтарыцца такой, уласцівай Беларусі сітуацыі, калі кіраўнікі партый, страціўшы лідарства, стваралі нейкія альтэрнатыўныя рухі.

«Не, такіх планаў у нас няма, — сказаў Лябедзька. — Я чалавек каштоўнасны і ідэалагічны. Тыя людзі, якія ў партыі, яны для мяне камфортныя як для палітыка і каштоўныя як для чалавека».