Фота з сайта nn.by
Фота з сайта nn.by

«Белая Русь» сфармулявала ўласны спіс прапаноў па паляпшэнні выбарчага заканадаўства і адаслала яго ў ЦВК.

Таццяна Шэндзік, намесніца старшыні арганізацыі, расказала «Нашай Ніве», што менавіта яны прапануюць Ярмошынай да паляпшэння.

Шэндзік кажа, што ўсе пункты былі напісаныя як падсумаванне ўражанняў сябраў «Белай Русі» ад работы на выбарчых кампаніях.

«Найперш, мы прапануем зрабіць збор і праверку подпісаў больш лаяльнай: адмяніць працэдуру, калі зборшчык уласнаручна ставіць дату ў падпісным лісце. Мы сышліся на думцы, што гэта не так прынцыпова. Асабліва, калі збор подпісаў вядзецца ў палявых умовах — гэта стварае нейкія казусы, часам і памылкі. Хай чалавек толькі ставіць подпіс», — сказала Шэндзік.

«Далей мы прапануем замацаваць працэдуру статыстычнай выбаркі лістоў для праверкі. Як гэта цяпер робіцца? У камісію прыносяць падпісныя лісты, яна правярае, ці ўсё даставерна там. Спачатку, напрыклад, бяруць 20%, з іх не менш 15% мусяць быць беспамылковыя і гэтак далей. Гэтая працэдура вызначаецца камісіяй без дакладнай фармулёкі, яе трэба ўніфікаваць, каб не ўзнікала пытанняў», — працягнула жанчына і дадала, што «Белая Русь» таксама прапануе ЦВК прымаць дакументы кандыдатаў не агульным пакетам, а паэтапна, з аказаннем кансультацый.

«Таксама ўзнікала шмат пытанняў да скрыняў падчас датэрміновага галасавання, гэта не зусім рэгламентавана: дзе мусіць знаходзіцца супрацоўнік РУУС, як забяспечваецца цэласнасць урны? Каб зняць прастору для інсінуацый, мы прапануем прапісаць усё дэталёва».

Асабліва важным «Белай Русі» здаецца наступны пункт — яны прапануюць забараніць арганізацыям, якія атрымлівалі спонсарскую дапамогу ад замежных фондаў ці грамадзян, удзельнічаць у фарміраванні выбарчых фондаў кандыдатаў.

Што датычыць фарміравання выбарчых камісій (дзе кожныя выбары адныя і тыя ж людзі), то тут, як сказала Таццяна Шэндзік, актывісты «Белай Русі» праблемы не бачаць.

Імавернасць, што да прапаноў «Белай Русі» прыслухаюцца ў Цэнтрвыбаркаме, Шэндзік назвала «высокай».