Фота аўтара
Фота аўтара

У Гродне прайшла вечарына, прысвечаная 75-годдзю пачатку паўстання ў Варшаўскім Гетта. У залі польскага консульства сабралася больш за 200 чалавек, переважная большасць – моладзь. Быў тут і Захар Тарасевіч, якому нядаўна споўнілася 85 гадоў. Ён кіраўнік грамадскага аб’яднання вязняў фашысцкіх канцлагераў, сам прайшоў Асвенцым і быў падвопытным Інстытута спадчыннай біялогіі і расавай гігіены на чале з вядомым Менгеле. Таксама на сустрэчу прыехалі госці з Варшавы і Дамбровы Беластоцкай.

Мерапрыемства адкрыў Генеральны консул Рэспублікі Польшча Яраслаў Ксёнжэк, які, нягледзячы на пералом нагі, выступаў стоячы. Ён адзначыў, што ў польска-яўрэйскай гісторыі былі складаныя ўзаемаадносіны, але пры гэтым прадстаўнікі гэтых народаў разам змагаліся за незалежнасць. І яскравы таму прыклад – Варшаўскае паўстанне ў 1944 годзе.

Кіраўнік савета Іўдзейскай рэлігійнай абшчыны ў Гродне Барыс Квяткоўскі падзяліўся сваімі думкамі пра паглыбленне іўдзея-хрысціянскага дыялогу, міжчалавечых, міжасабовых, міжнацыянальных узаемаадносін, якія спрыяюць паразуменню і вучаць на прыкладах мінулых памылак: “Гэта патрэбна не тым, хто сышоў, а тым, хто жыве”.

Заля генеральнага консульства была ўпрыгожаная працамі выставы “Паштоўкі з мястэчка” гродзенскага мастака Алеся Сурава”. Прайшоў і міні-канцэрт з удзелам скрыпача Славы Панькова, гурту Лаўдатэ Домінум і Сяргея Санца – лаўрэата міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, лаўрэата прэміі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта імя А.Дубко ў намінацыі “Выкладчык года”. А вучні гімназіі № 1 імя Яўхіма Карскага дэкламавалі вершы.

Таксама быў прадэманстраваны дакументальны фільм пра 101-гадовага Генрыка Прайса, жаўнера Войска Польскага часоў Другой сусветнай вайны. Дарэчы, гэта апошняя жывая асоба, якая асабіста ведала Вольфа Месінга і яго сям’ю.

Мерапрыемства арганізавалі Генеральнае Консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне і прадстаўніцтвам “Шамер-Інтэрнэшнл” Асацыяцыі іудзея-хрысціянскага дыялогу ў Беларусі. Яраслаў Ксёнжэк падкрэсліў: “Гэты вечар пакіне ўражанне і будзе добрай падставай, каб сустракацца і надалей”.