Ілюстрацыя www.inform.kz
Ілюстрацыя www.inform.kz

За распальванне расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці асуджаны 24-гадовы жыхар вёскі Ястрамбель Баранавіцкага раёна.

Як паведаміла БелаПАНу старшы пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Юлія Лебедзева, якая падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачанне па справе, малады чалавек з намерам распальвання ў насельніцтва расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці з 15 мая па 26 лістапада 2015 года скапіраваў з іншых інтэрнэт-рэсурсаў і размясціў два адпаведныя відэаролікі і чатыры фатаграфіі на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». Прагледзець і капіраваць дадзеныя матэрыялы магла неабмежаваная колькасць карыстальнікаў інтэрнэту.

Гэтыя фота і відэа выявілі супрацоўнікі 6-га ўпраўлення (па Брэсцкай вобласці) галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. Экспертыза ўстанавіла, што матэрыялы ўтрымліваюць заклікі да экстрэмізму і прапаганду насілля ў дачыненні да асоб па прыкмеце расавай, нацыянальнай і рэлігійнай прыналежнасці.

4 красавіка Брэсцкі абласны суд прызнаў маладога чалавека вінаватым па ч. 1 арт. 130 КК і прыгаварыў да аднаго года пазбаўлення волі. З улікам таго, што ў чэрвені 2017 года ён быў асуджаны за хуліганства на адзін год пазбаўлення волі, шляхам частковага складання пакаранняў суд канчаткова прызначыў абвінавачванаму адзін год і адзін месяц пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Прыгавор не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.

Як раней паведамлялі СМІ, на асабістай старонцы ў сацсетцы малады чалавек выклаў у тым ліку відэа з антысеміцкімі выказваннямі, а таксама заклікі да насілля ў дачыненні да каўказцаў. Тады баранавіцкі суд прыгаварыў яго да аднаго года і двух месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Разам з тым дадзенае судовае рашэнне, вынесенае ў кастрычніку 2017 года судом Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы, было адменена судом нагляднай інстанцыі ў сувязі з непадсуднасцю спраў такой катэгорыі. У выніку справу разглядаў Брэсцкі абласны суд.