Фото с сайта belnovosti.by

25 сакавіка ля Опернага тэатра ў Мінску прайшоў вялікі канцэрт, прысвечаны Дню Волі. Многія прыйшлі на яго з бел-чырвона-белымі сцягамі, пад якімі 100 гадоў таму была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Міліцыя нікога не чапала, але калі гледачы пачалі разыходзіцца, затрымала некалькі чалавек з БЧБ-сцягамі на плячах.

26 красавіка ў сталіцы пройдзе яшчэ адно традыцыйнае мерапрыемства беларускай апазіцыі — жалобнае шэсце «Чарнобыльскі шлях». Яго ўдзельнікі таксама заўсёды прыносяць бел-чырвона-белыя сцягі. Ці будуць іх затрымліваць?

Еўрарадыё задало гэтае пытанне намесніку міністра ўнутраных справаў Аляксандру Барсукову. І вось што ён адказаў:

«Вы былі ў Чарнобылі? А я быў. Ведаеце, дзе афіцыйныя мерапрыемствы будуць праходзіць? Там, дзе проста трэба прыйсці і схіліць галаву за тых, хто там быў, хто атрымаў шкоду здароўю. Хто там, не дай Божа, галаву склаў. Ёсць насупраць сквера ў Савецкім раёне, дзе праходзяць усе грамадска-палітычныя мерапрыемствы, царква. Вы туды прыйдзіце і памаліцеся, калі ласка.

Я гэта вам кажу як чарнобылец і перасяленец. А ператвараць гэта ў палітычную акцыю, калі вы ні слыхам, ні духам, пра што гаворка, я б вам не рэкамендаваў.

Гэта грэх вялікі».

Скончыўшы рэпліку, намеснік міністра паклаў слухаўку.

Зразумелі цяпер, ці будуць затрымліваць на «Чарнобыльскім шляху» за БЧБ-сцяг?

Аляксандр Барсукоў нарадзіўся ў красавіку 1965 года ў Гомельскай вобласці. У міліцыі з лістапада 1985-га — пачынаў у патрульна-паставой службы ў Гомелі. У 1990 годзе скончыў школу міліцыі ў Мінску. Працаваў следчым у Хойніцкім і Веткаўскім раёнах — яны сур’ёзна пацярпелі ад выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Пазней пераехаў у Мінск, у 2011 годзе ўзначаліў сталічную міліцыю, а ў лістападзе 2017 года стаў намеснікам міністра ўнутраных справаў.