Мінкультуры выказваецца за больш жорсткую адказнасць за халатнасць у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны

50

Адказнасць за халатнасць у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны для службовых асоб неабходна зрабіць больш жорсткай, заявіла на прэс-канферэнцыі 13 красавіка намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір.

Удзельнікі сустрэчы з прэсай абмяркоўвалі лёс езуіцкага касцёла сярэдзіны XVIII стагоддзя ў Мсціславе (Магілёўская вобласць), частка якога абрушылася ў канцы 2017 года. Мясцовыя ўлады ведалі пра жаласны стан культавага будынка і атрымлівалі адпаведныя сігналы ад грамадскасці, але не спяшаліся займацца яго захаваннем.

Касцёл у будынку былога калегіума езуітаў XVІІ стагоддзя ў горадзе Мсціславе. Фота zviazda.by
Касцёл у будынку былога калегіума езуітаў XVІІ стагоддзя ў горадзе Мсціславе. Фота zviazda.by

Загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Барыс Лазука пацікавіўся ў прадстаўніцы Мінкультуры, ці панёс хто-небудзь з мясцовых улад адказнасць за частковае разбурэнне касцёла. «Калі ў цябе ў доме дах падае, ты што, не ведаў, што такое будзе? Там сядзелі канкрэтныя людзі, якія павінны былі ведаць [у якім стане касцёл]. Што стала з адказнымі работнікамі, якія сядзелі за сталамі?» — задаў пытанне навуковец.

У адказ Хвір заявіла: «Ёсць правілы дарожнага руху, Крымінальны кодэкс, і калі чалавек іх парушае, то яго могуць і пасадзіць. Я працую ў сваёй вобласці 25 гадоў і не памятаю такога выпадку, каб хтосьці за злачынства [у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны] атрымаў такое пакаранне».

«Мне здаецца, калі б тыя ж самыя адказныя работнікі, якія сядзелі за сталамі, але не «сядзелі» [у месцах пазбаўлення волі], калі б адказнасць у нас была больш сур`ёзная за тое, што яны зрабілі, такога б не было. Такія парушэнні здараюцца найперш з-за халатнасці <…> Я думаю, што трэба нешта мяняць у гэтым кірунку. Калі б хтосьці панёс адказнасць за такое парушэнне, гэта было б паказальна», — заявіла чыноўніца.

Хвір падкрэсліла, што «ніякае Міністэрства культуры не можа арганізаваць і пракантраляваць» захаванне аб`екта гісторыка-культурнай спадчыны, калі ў гэтым не зацікаўлены мясцовыя органы ўлады. Разам з тым, сказала яна, у гэтай справе павінны быць зацікаўленыя і мясцовыя жыхары.

«Я як чалавек, які займаецца сваёй справай даўно, бачу, што нават простым мясцовым жыхарам часам нецікава аднаўляць нейкую старую драўляную царкву, а прасцей пабудаваць побач аб`ект з пластыку з сайдынгам. Ніхто людзей не папракае, што яны так да гэтага ставяцца. Можа быць, гэта ад недахопу адукаванасці. Але я ведаю шмат такіх прыкладаў, калі закідваюць старыя царквы — намоленыя сцены — і будуюць побач новую прыгожую з залатымі [купаламі]», — адзначыла прадстаўніца міністэрства.

Нагадаем, што нядаўна ў вёсцы Паланечка пад Баранавічамі абваліліся дзве сцяны правага флігеля палаца Радзівілаў, пра што Свабодзе паведаміла мясцовая жыхарка Тарэза Мяноўская. Ніхто не пацярпеў. 2 красавіка будынак былога палаца Радзівілаў чацвёрты раз выставілі на аўкцыён за стартавую цану 19 210 рублёў 72 капейкі. Намесніца дырэктара фонду «Брэстаблмаёмасць» Надзея Стральцова расказала Свабодзе, што хоць сцены флігеля абваліліся, пачатковую цану на палац змяншаць немажліва паводле заканадаўства. Паводле яе інфармацыі, абваленая частка будынка не мае гісторыка-культурнай каштоўнасці.