Фото: БЕЛТА
Фото: БЕЛТА

У Гомельскім абласным судзе 11 красавіка абвешчаны прысуд у дачыненні да жыхара Мазыра Андрэя Рабешкі, які абвінавачваецца ў раненні супрацоўнікаў АМАП і ГУБАЗіК.

31-гадовы мужчына прызнаны вінаватым у крадзяжы (ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэкса) і замаху на забойства двух ці больш асоб у сувязі з ажыццяўленнем iмi службовай дзейнасці (ч. 1 арт. 14, пп. 1, 10 ч. 2 арт. 139 КК) і прыгавораны да 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму (год паводле першага артыкула, 17 гадоў — другога). Прысуд не ўвайшоў у законную сілу, абарона будзе яго абскарджваць.

Андрэй Рабешка
Андрэй Рабешка

На абвяшчэнні прысуду прысутнічалі сваякі абвінавачанага, грамадскія актывісты, праваабаронцы.

Рабешка не прызнаў віну, бо сцвярджае, што яго дзеянні былі самаабаронай: ён не ведаў, што яго затрымліваюць супрацоўнікі міліцыі, і быў упэўнены, што на яго напалі злачынцы.

У апошнім слове мазыранін падкрэсліў, што раніцай 30 красавіка 2017 года на яго напалі невядомыя ў чорным, у масках, без апазнавальных знакаў і без папярэджання, што гэта міліцыя. «Не я прыйшоў дадому да пацярпелых, не я чакаў іх у двары і напаў на іх — гэта яны напалі на мяне ў маім двары, і я вымушаны быў абараняць сябе і жонку», — заявіў Рабешка. Для нагляднасці ён апранаў маску з прарэзамі для вачэй, каб прадэманстраваць суду, як менавіта выглядалі мужчыны, якія на яго накінуліся.

«Згодна з законам праваахоўнікі павінны былі папярэдзіць, што гэта міліцыя, а не выманьваць уначы з дома са словамі: «Гаспадар, мы тваю машыну зачапілі, выйдзі, каб разабрацца без мянтоў». Яны дзейнічалі як бандыты ў 1990-х, парушылі ўсе нормы заканадаўства», — лічыць Рабешка.

Адвакат абвінавачанага таксама лічыць, што на падабароннага быў здзейснены напад, а супрацоўнікі міліцыі мелі магчымасць назваць сябе і паказаць дакументы. Калі міліцыя дзейнічае ў цывільным адзенні, павінны прысутнічаць супрацоўнікі мясцовага РАУС у форме, чаго не было, перакананая адвакат.

30 красавіка 2017 года прыблізна а чацвёртай гадзіне раніцы ў двары прыватнага дома ў Мазыры падчас канфлікту паміж мясцовым жыхаром і міліцыянерамі апошнія атрымалі раненні. Абвінавачаны сцвярджае, што супрацоўнікі АМАП і ГУБАЗіК падманным шляхам праніклі ў двор, былі без формы, не назвалі сябе, напалі на яго, і ён быў вымушаны абараняць сябе і сям’ю. Міліцыянеры сцвярджаюць, што абвінавачаны кінуўся на іх з нажом, хоць ведаў, што перад ім супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Як вынікае з матэрыялаў абвінавачання, супрацоўнікі ГУБАЗіК атрымалі інфармацыю аб дачыненні Рабешкі і яго сябра да крадзяжу зварачнага апарата. Затрымаць Рабешку было вырашана ноччу, выбавіўшы на вуліцу на падставе таго, што зачэплены яго аўтамабіль, які стаяў ля двара. Пацярпелыя кажуць, што былі ў масках і «чорнай тактычнай форме, прызначанай для спецыяльных мерапрыемстваў».

У судзе міліцыянеры сцвярджалі, што ў працэсе затрымання крычалі «Стаяць, міліцыя!», але гэта не спыніла абвінавачанага.

МУС растлумачыла такі метад затрымання тым, што Рабешка «займаўся махлярствам, крадзяжамі і вымагальніцтвам, вырашаў спрэчныя пытанні паміж прадстаўнікамі крыміналітэту». Рашэнне аб затрыманні Рабешкі было прынятае пасля атрымання аператыўнай інфармацыі: пасля чарговага крадзяжу Рабешка меў намер збыць выкрадзены зварачны апарат і паехаць з Мазыра.

У ГУБАЗіК Рабешку называюць «дзёрзкім, напышлівым, вёрткім, здольным пайсці на цяжкія злачынствы». Аднак ніякіх іншых абвінавачанняў, акрамя крадзяжу і замаху на забойства пры затрыманні, Рабешку выстаўлена не было.