Фота з сайта people-of-chernobyl.ru

Кіраўніцтва Чарнобыльскай АЭС прыняло рашэнне адкрыць тэрыторыю прамысловай пляцоўкі ЧАЭС для наведвання шырокай грамадскасцю, што дазволіць усім жадаючым у адпаведнасці з законам Украіны «Аб выкарыстанні ядзернай энергіі і радыяцыйнай бяспецы» ўбачыць гэты легендарны аб’ект.

Цяпер любы жыхар Украіны або грамадзянін іншай дзяржавы пры выкананні пэўных умоў можа ўбачыць, чым жыве станцыя сёння, як адбываецца працэс зняцця з эксплуатацыі і пераўтварэння аб’екта «Сховішча» ў экалагічна бяспечную сістэму, паведамілі БелаПАН 11 красавіка ў прэс-службе ЧАЭС.

«Мы даем магчымасць наведвальнікам атрымаць поўнае ўяўленне аб працы станцыі і аб праектах, якія рэалізуюцца на прамысловай пляцоўцы. Дастаткова складана на словах расказаць пра сучасны стан і нашу працу людзям, якія ніколі не былі на атамнай электрастанцыі. Таму мы вырашылі прытрымлівацца прынцыпу «лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць», — адзначыў старшыня дзяржаўнага агенцтва па кіраванні зонай адчужэння Віталь Пятрук.

Ліміт наведвальнікаў у дзень складае 15 чалавек, і для замовы даступныя тры працоўныя дні на тыдзень. Для наведвальнікаў, якія прыбываюць у зону адчужэння праз горад Славуціч, знаёмства з працай станцыі пачынаецца з электрацягніка, які перавозіць персанал ЧАЭС, і кантрольна-прапускнога пункта «Сяміходы», дзе знаходзіцца найбуйнейшы санітарны прапускнік станцыі. На прамысловай пляцоўцы візіцёры змогуць азнаёміцца з шырокім спісам аб’ектаў ЧАЭС, пачынаючы з ахоўнага збудавання на выпадак надзвычайных сітуацый, заканчваючы асноўнымі памяшканнямі энергаблокаў, з якіх адбывалася кіраванне рэактарам. Акрамя таго, усе жадаючыя змогуць убачыць у дзеянні інтэграваную аўтаматызаваную сістэму кантролю аб’екта «Сховішча», больш даведацца аб новым бяспечным канфайнменце, дадалі на ЧАЭС.

Для бяспечнага знаходжання на аб’екце ўсе наведвальнікі забяспечваюцца сродкамі індывідуальнай абароны і праходзяць абавязковы дазіметрычны кантроль. У перспектыве — пашырэнне пераліку маршрутаў: наведванне такіх аб’ектаў, як цэнтральная зала аднаго з энергаблокаў, блокавы шчыт кіравання рэактара № 4 (унутры «Саркафага»), выхад у прастору пад аркай новага бяспечнага канфайнмента. Заяўкі на наведванне ЧАЭС падаюцца на афіцыйным сайце станцыі, на старонцы https://visit.chnpp.gov.ua, дзе наведвальнік можа азнаёміцца з умовамі арганізацыі візіту на ЧАЭС і правіламі знаходжання ў зоне адчужэння, вывучыць магчымыя маршруты, высветліць кошт візіту, выбраць зручную для яго дату, а таксама бяспечна аплаціць візіт праз сістэму LiqPay. Цана для аднаго чалавека за наведванне станцыі складае 2.700 грыўнаў (каля 100 долараў ЗША у эквіваленце).

У прэс-службе ЧАЭС адзначылі, што на праходжанне базавага маршруту па станцыі падалі заяўкі ўжо больш за 100 чалавек з паўтара дзясятка краін. У 2017 годзе станцыю наведалі больш як 4,7 тысячы чалавек у складзе амаль 400 дэлегацый.