Фота з сайта bchd.info

Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама распрацаваў і накіраваў у Адміністрацыю прэзідэнта канцэпцыю мемарыяла ў Курапатах, паведаміла БелаПАН намеснік старшыні Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Алена Сухадолава.

Накіраваныя таксама каля 10 эскізаў агароджы для ўрочышча.

“Горад зрабіў сваю прапанову, але павінна быць згода прэзідэнта, таму што горад не мае права на землях Мінскага раёна выконваць работы. Чакаем даручэння”, — дадала Сухадолава.

Акрамя таго, паводле звестак БелаПАН, каля 60 работ паступіла на конкурс праектаў памятнага знака ў Курапатах, абвешчаны грамадскай камісіяй на чале з былым галоўным рэдактарам “Советской Белоруссии” Паўлам Якубовічам. Працягваецца збор сродкаў на добраўпарадкаванне тэрыторыі Курапатаў — каля 4 тысяч долараў ужо сабрана.

На сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ 10 красавіка Аляксандр Лукашэнка даручыў прывесці ўрочышча Курапаты ў парадак “як мага больш аператыўна”. Ён нагадаў, што год ці паўтара таму даручыў сваёй адміністрацыі разабрацца з гэтым пытаннем.

“Пара сканчаць гэтую валтузню на касцях, — сказаў Лукашэнка. — Вы зацягнулі паданне прэзідэнту макета гэтага ўрочышча. Пакладзіце мне на стол дакументы, каб я мог зацвердзіць і мы стварылі там месца для душы. Трэба больш аператыўна скончыць гэта, прывесці ў парадак гэты лес, урочышча, паставіць самы просты помнік, ці капліцу, ці яшчэ нешта — мы прымем рашэнне. Каб чалавек, які спачувае сем’ям і пакутуе, што загінулі людзі, прыйшоў туды, прынёс кветкі. І мы гэта абавязкова зробім”.

Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што пытанне пра Курапаты было палітызаванае з самага пачатку і застаецца такім жа цяпер. “Мяне гэта не задавальняла і цяпер не задавальняе. Там загінулі людзі”, — падкрэсліў ён і дадаў, што кожны дзень, і не раз, праязджае міма Курапат.