Фота з сайта Наш Гомель

 Беларусам яшчэ трэба будзе зразумець ролю Беларускай Народнай Рэспублікі, заявіў 10 красавіка Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі і калектывамі дзяржаўных СМІ.

Кіраўнік краіны зазначыў, што як гісторык па адукацыі звяртаўся да гэтай тэмы, вывучаў існыя меркавання. І прыйшоў да высновы, што ў Беларусі пакуль не разумеюць, што такое БНР і якую ролю яна адыграла, паведамляе інфармагенцтва БелТА.

На думку афіцыйнага лідара, «у гэтай частцы беларускай гісторыі не ўсё відавочна». З аднаго боку, стваральнікі БНР хацелі адзінства для краіны, з іншага — звярталіся па дапамогу да нямецкага кайзера, адзначыў ён. Адказваючы на пытанне, якое паступіла ад інтэрнэт-карыстальнікаў, кіраўнік дзяржавы сказаў, што «заўчасныя размовы пра тое, каб зрабіць 25 сакавіка дзяржаўным святам». Лукашэнка падкрэсліў, што пакуль ён знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта, гэтага не будзе. Афіцыйны лідар нагадаў: «У нас ёсць Дзень Незалежнасці, і калі б мы тады не перамаглі, то сапраўды ніякай незалежнасці не было б» (адзначаецца 3 ліпеня, у дзень вызвалення Мінска ад нямецкіх захопнікаў. — БелаПАН.).

Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. Традыцыйна дэмакратычная грамадскасць Беларусі 25 сакавіка адзначае неафіцыйны Дзень Волі. Сёлета стагоддзе падзеі — апазіцыйныя і грамадскія актывісты арганізавалі маштабнае святкаванне даты ў сталіцы і рэгіёнах.