Каля гэтай нічым не прыкметнай з выгляду хаты ў цэнтры Зэльвы спыняюцца экскурсійныя аўтобусы. Яна фігуруе ў мемуарных кнігах, яе паказваюць у дакументальным кіно. Збудаваная са смалістых бярвенняў, яна і ў паважным веку (120 гадоў!) нязрушна стаіць на сваім падмурку, не збуцвела і не пахілілася. Можа, жыццёвай трываласці хата набралася ў сваёй колішняй гаспадыні – Ларысы Геніюш, якой і абавязана сваёй вядомасцю? Паэтка пражыла ў ёй амаль трыццаць гадоў, сюды яна вярнулася з ГУЛАГа, адсюль яе праводзілі ў апошні шлях – 35 гадоў таму.

Спроба зрабіць хату прыкметнай з выгляду адбылася ў жніўні 2010 года, калі адзначаліся 100-я ўгодкі Ларысы Геніюш. Вядомы скульптар Алесь Шатэрнік, які стварыў для Зэльвы помнік загінуўшым у гады Другой сусветнай вайны, вырашыў зрабіць зэльвенцам яшчэ адзін падарунак – за ўласны кошт адліў мемарыяльную дошку з барэльефам паэткі і надпісам: “У гэтай хаце жыла выдатная беларуская паэтка Ларыса Геніюш (1910–1983). Мы заўжды душой з сваімі хатамі, бо арлы не пакідаюць гнёзд”.

Пасля ўзгаднення з Зэльвенскім райвыканкамам і з новымі гаспадарамі хаты (даўно прыватызаванай) дошка заняла належнае ёй месца. Але правісела ўсяго чатыры дні, пасля чаго была дэманціравана прадстаўнікамі таго самага выканкама і пасля гадавога “арышту” ў мясцовым пастарунку вернута ўладальніку.

Па просьбе Алеся Шатэрніка забіраць “вызваленую” дошку давялося нам з краязнаўцам Сяргеем Чыгрыным. У кабінеце начальніка міліцыі я наўпрост спытаўся ў няўсмешлівага падпалкоўніка: “Дошка з’явілася на хаце з парушэннем заканадаўства?” Падпалкоўнік адказаў коратка: “Не”. – “Тады, відаць, мела месца правапарушэнне з боку тых, хто яе здымаў?” Падпалкоўнік на гэты раз нічога не адказаў і проста параіў, прыхапіўшы дошку, пакінуць пастарунак.

Увесь гэты час мы з сябрамі намагаліся атрымаць нейкае канкрэтнае тлумачэнне ад зэльвенскіх улад: па якім праве яны з прыватнага дома знялі тую дошку? І вось нядаўна (амаль праз восем гадоў!) дачакаліся адказу. З Зэльвенскага райвыканкама на адрас Гродзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў прыйшоў афіцыйны ліст, у якім паведамляецца, што дошка, аказваецца, з’явілася на доме без дазволу яго ўласнікаў. Я ажно вачам сваім не паверыў – як такое магло адбыцца?

З таго выканкамаўскага ліста вынікае, што Алесь Шатэрнік з Міхасём Скоблам, як бандыты ці рабаўнікі, незаўважна для гаспадароў праніклі ў хату, што стаіць на ажыўленай вуліцы, прасвідравалі адтуліны ў сцяне і прышруйбавалі мемарыяльную дошку да сцяны. Тыя, у каго больш багатае ўяўленне, могуць даўявіць, як візіцёры-зламыснікі звязалі гаспадароў, заклеілі ім скотчам рот і пад покрывам начы зрабілі сваю цёмную справу…

Насамрэч, зразумела, ніхто ў хату гвалтам не лез і яе саўладальнікаў, Любоў Уладзіміраўну Захара і Марыю Васільеўну Дайкала, не вязаў. Мілыя і сардэчныя людзі, яны без лішніх угавораў дазволілі павесіць дошку на сваёй уласнай хаце. Цераз дарогу, каля царквы, стаіць помнік Ларысе Геніюш, у храме нават можна паглядзець невялікі музейчык знакамітай зямлячкі, дык няхай і дошка будзе, каму яна перашкодзіць?

Аднак жа – перашкодзіла. Дэмантажом дошкі займаліся намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкама Валянцін Семяняка (які спачатку быў “за”) і выканкамаўскі ідэолаг Юрый Кулікоў. Апошні праславіўся яшчэ і публічнай заявай аб тым, што “Гениюш состояла в переписке с Гитлером”, а таму ніякіх ушанаванняў у Зэльве быць не можа.

Абодва чыноўнікі адносна нядаўна пакінулі свае пасады – аднаго панізілі, другі пайшоў на павышэнне. Але спадзявацца, што новае начальства зменіць сваё стаўленне да Ларысы Геніюш і багавейна схіліць галовы перад самым знакамітым домам у Зэльве – Геніюшаўскім домам, – не выпадае. Зэльвенскія начальнікі ківаюць на гродзенскіх, гродзенскія – на мінскіх, мінскія – на Вярхоўны суд і КДБ, на якіх усё і замыкаецца. І калі адамкнецца – ніхто не ведае.

“Дваццаць пяць гадоў за абы-што ў Савецкім Саюзе не давалі”, – заявіў мне аднойчы адказны за ідэалогію чыноўнік абласнога ўзроўню, маючы на ўвазе прысуд Геніюш у 1949 годзе. Прызнацца, мне і дых заняло. Перада мною сядзеў не замшэлы гэбіст-адстаўнік, а мой равеснік, які, трэба думаць, і Салжаніцына чытаў, і пра сталінскія рэпрэсіі ўяўленне меў. Для такіх і ім падобных у Ларысы Геніюш было прызапашана адметнае слоўца – сталіназаўры. Гэта пра іх, закасцянелых у дзяржаўнай хлусні і бязлітасных да іншадумцаў, сказана: “Світае. Нявінныя ўсталі з калень, / А мёртвыя выйшлі па лаўры. / І толькі ад праўды схаваліся ў цень / Апошнія сталіназаўры”.

2018 год на двары, а сталіназаўры яшчэ поўзаюць па зацішнай, запалоханай Зэльве, топчучы памяць пра выдатную беларускую паэтку. Сталіназаўры знайшлі сабе ўтульныя пячоры ў Міністэрстве адукацыі і выкінулі творы Ларысы Геніюш са школьнай праграмы па літаратуры. Сталіназаўры ў судзейскіх мантыях працягваюць лічыць яе злачынцам, адмаўляючы ў пасмяротнай рэабілітацыі.

З усёй пароды выкапнёвых сталіназаўры аказаліся самымі жывучымі. Але і яны вымруць, як таго патрабуюць неадменныя законы прыроды.

Зэльвенскія чыноўнікі ў выпадку з дошкай звыкла прыкрыліся людскім волевыяўленнем (цэлых восем гадоў яны здабывалі тое волевыяўленне!). Але чамусьці пра другое волевыяўленне яны нават не ўспамінаюць. А ў тым жа 2010 годзе пераважная большасць жыхароў вуліцы Савецкай (170 чалавек!) падпісаліся за перайменаванне вуліцы ў гонар славутай зямлячкі, і падпісныя лісты былі перададзены ў адпаведныя органы ўлады. Вось бы тут волю народа чыноўнікі пачулі! А то па ўсёй Беларусі ажно 62 Савецкія вуліцы, а імя Ларысы Геніюш – пакуль ніводнай.