Фолк-гурт Vuraj распачынае працу над чацвёртым альбомам пад назвай «Lito», у аснову якога пакладзеныя старажытныя песні беларускага Палесся.

Музыкі запусцілі краўдфандынг на платформе Ulej.by: https://ulej.by/project?id=696955.

«Што спяваеце?» – «Літо!»

Вось так проста – адным словам «літо» – на Палессі называюць цыкл абрадавых песень, у якіх знайшлі адбітак звычаі, павер’і і ўяўленні нашага народа.

«Літо» – гэта беражліва сабраныя, вывучаныя, пераасэнсаваныя і літаральна наноў створаныя каляндарна-абрадавыя песні беларускага Палесся.

Сяргей Доўгушаў і Vuraj на працягу чатырох гадоў шукалі іх у экспедыцыях, знаходзілі і надавалі кожнай сваё адметнае «вурайскае» гучанне.

Гурт Vuraj запісвае новы альбом «Lito»

У новым альбоме будзе падкрэслівацца ўнікальнасць кожнага рэгіёна Палесся – аўтэнтычныя мелодыі і музычны строй, адметнасці мікрамоў і дыялектаў, – усё гэта будзе захоўвацца, каб перадаць магію абрадавых песень, таямніцу старажытных рытуалаў і моц сувязі з продкамі.

Падчас запісу будуць выкарыстоўвацца колавая ліра, беларускія народныя духавыя інструменты. Запіс, звядзенне і мастэрынг плануюцца на студыі TRStudio у Варшаве.

Перадзамовіць дыск з унікальнымі песнямі можна наўпрост зараз, падтрымаўшы праект на краўдфандынгавай платформе Ulej.by.

А для тых, хто асабліва паспрыяе запісу і выданню дыска, музыкі падрыхтавалі крутыя падарункі: запрашальнікі на канцэрт, майстар-клас па народных спевах, карпаратыўны канцэрт, напісанне музыкі і ўдзел у сапраўднай этнаграфічнай экспедыцыі.

Некаторыя песні з новага альбома прагучаць на канцэрце 17 красавіка ў клубе BRUGGE (пр. Партызанскі, 6А) ў Менску, дзе Vuraj зайграе разам з польскім этна-джазавым гуртом T/Aboret.

Людзі сыходзяць, разам з імі сыходзяць і песні. Удзельнікі гурта прапануюць разам захаваць галасы продкаў і даць старажытным спевам новае жыццё. Падтрымаць палескі альбом Vuraj можна на Ulej.by: https://ulej.by/project?id=696955. Краўдфандынг будзе доўжыцца да 8 чэрвеня.