Фота: БЕЛТА
Фота: БЕЛТА

Кітай адыграў вырашальную ролю ва ўзмацненні абараназдольнасці Беларусі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 6 красавіка ў Мінску на сустрэчы з членам Цэнтральнага ваеннага савета, членам Дзяржсавета, міністрам абароны Кітайскай Народнай Рэспублікі Вэем Фэнхэ.

«У наш час вы адыгралі вырашальную ролю ва ўзмацненні абараназдольнасці Беларусі. Вы дапамаглі нам стварыць самыя сучасныя касмічныя падраздзяленні, адправіць на арбіту самы сучасны спадарожнік. Мы з вамі стварылі ў Беларусі самы сучасны цэнтр кіравання палётамі. Вы дапамаглі нам стварыць самае сучаснае ракетнае ўзбраенне для беларускай арміі. На падставе гэтага, я думаю, мы стварылі больш сучасныя ўзоры ракетнага ўзбраення, якія зацікавяць ужо і вашу армію. Я ўдзячны вам за тую бязвыплатную дапамогу, якую вы аказваеце нашай арміі», — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Беларускі кіраўнік заявіў што Беларусь «у даўгу не застанецца». «Вы гэта павінны ведаць, і ўсё кіраўніцтва Кітая павінна аб гэтым ведаць», — сказаў ён. «Вы нам падставілі плячо ў самы складаны час, калі ўвесь Захад увёў санкцыі супраць Беларусі. Мы гэта памятаць будзем доўга. У вас ёсць тут надзейныя сябры», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка таксама адзначыў, што рады гэтай сустрэчы. «Тым больш ёсць пра што пагаварыць. Я перш за ўсё хачу павіншаваць вас з паспяховым завяршэннем ўсіх палітычных кампаній і баталій у КНР і канстатаваць факт стабільнасці ў палітычным і сацыяльным дачыненні ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы», — адзначыў афіцыйны беларускі лідар.

Лукашэнка папрасіў яшчэ раз асабіста перадаць старшыні КНР Сі Цзіньпіну «самыя добрыя віншаванні і пажаданні». Звяртаюся да міністра абароны Кітая, Лукашэнка таксама павіншаваў Вэя Фэнхэ з прызначэннем на «высокі пост не толькі ва ўрадзе Кітая, але і з тым, што ён стаў на чале» адной з наймагутных армій свету».

«Хачу падзякаваць у вашай асобе кіраўніцтву КНР за тую неацэнную эканамічную, фінансавую падтрымку, якую вы аказваеце Беларусі. Асаблівая падзяка вам за тое ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, якое склалася паміж нашымі краінамі», — сказаў беларускі афіцыйны лідар.

Кітайскі міністр, у сваю чаргу, адзначыў «велізарныя поспехі Беларусі на шляху дзяржаўнага будаўніцтва». «Вы ўнеслі важкі ўклад у развіццё двухбаковай дружбы. Нашы краіны з’яўляюцца добрымі сябрамі і партнёрамі. І пад вашым кіраўніцтвам са старшынёй Сі Цзіньпінам нашы краіны ўжо сталі жалезнымі братамі», — сказаў Вэй Фэнхэ.

Ён падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэчы і перадаў «прывітанне і добрыя пажаданні» ад імя старшыні КНР Сі Цзіньпіна.