Ігар Мельнікаў. Забыты корпус
Ігар Мельнікаў. Забыты корпус

Вядомы беларускі гісторык Ігар Мельнікаў скончыў працу над новай унікальнай кнігай “Забыты корпус” і зараз збірае сродкі на яе выданне.

Праца распавядае пра гісторыю знаходжання часцей Першага польскага корпусу, а потым і Вялікапольскай дывізіі на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919–1920 гадах і прысвечана 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі.

– У Беларусі пакуль не выдана ніводнай навуковай ці навукова-публіцыстычнай кнігі, прысвечанай гісторыі Першага польскага корпусу ў Бабруйску, – расказвае гісторык. – Дзіўна, што настолькі значная старонка гісторыі не толькі горада на Бярэзіне, але і Беларусі амаль не вывучана ў айчыннай гістарыяграфіі. Больш за тое, значная колькасць не толькі жыхароў Бабруйска, але і ўсёй Беларусі не адрозніваюць перыяд знаходжання Першага польскага корпусу на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918 годзе і акупацыю Бабруйшчыны польскімі войскамі ў 1919–1920 гадах. Між тым гэта зусім розныя гістарычныя сюжэты, хоць і маючыя ўскосныя сувязі.

Перыяд, калі гэтая вайсковая фармацыя знаходзілася на тэрыторыі нашай краіны, адзін з ключавых у беларускай гісторыі. Менавіта ў сакавіку 1918 года была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі – дзяржавы, без якой не была б створана савецкая Беларусь. Факт яе стварэння заклаў падмурак, на якім ужо ў канцы ХХ стагоддзя паўстала незалежная Рэспубліка Беларусь. Якую палітыку абрала камандаванне Першага польскага корпусу ў дачыненні да беларусаў і іх краіны? За што змагаліся польскія легіянеры ў 1918 годзе? Як ацэньвалі польскія камандзіры вартасць Бабруйскай крэпасці? Як БНР ставілася да войска Доўбар-Мусніцкага? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ў кнізе “Забыты корпус”.

Новая кніга Ігара Мельнікава – гэта больш за 200 старонак унікальных фактаў вайсковай гісторыі Беларусі і Польшчы, а таксама каля 300 архіўных і сучасных здымкаў, большасць з якіх публікуюцца ў Беларусі ўпершыню.

Аднак сродкаў на выданне ўнікальнай працы ў гісторыка няма, таму на сайце talaka.org у рубрыцы “Праекты” распачаты збор сродкаў на гэты вельмі цікавы праект. Дарэчы, да неабыякавых да сваёй гісторыі беларусаў Ігар Мельнікаў звяртаецца другі раз. Менавіта людская салідарнасць дапамагла яму летась з выданнем кнігі “Адысея палешука”. Тады за 40 дзён былі сабраны неабходныя 8000 рублёў.