Як ехаць па шашы Слонім-Масты, то адразу за Дзярэчынам можна ўбачыць магутную калону, якая ўзвышаецца на добры дзясятак метраў. Мясцовыя жыхары апавядаюць розныя гісторыі пра яе паходжанне: адныя звязваюць яе са шведамі часоў Паўночнай вайны, другія называюць Сапежынскім слупом, а трэція кажуць, што ўзведзена яна нікім іншым, як самім Напалеонам.

Калона ў Алексічах у 1930-я гады і сённяшні стан
Калона ў Алексічах у 1930-я гады і сённяшні стан

Таямнічая калона ўяўляе сабою чытырохгранны абеліск, завершаны бетоннай сферай, на якой месціўся незахаваны да нашага часу крыж. Таксама на адной з граняў ёсць мемарыяльная дошка, надпіс на якой быў знішчаны. Калона знаходзіцца на ўездзе ў вёску Алексічы Зэльвенскага раёна, якая ўпершыню ўзгадваецца яшчэ ў 1552 годзе.

Таямнічая калона каля Алексічаў, або беларуская “Пізанская вежа”
Алексічы на карце 1930 года

Як і мястэчка Дзярэчын, яна спачатку належыла Копачам, затым Палубінскім, і, нарэшце – Сапегам. Напярэдадні першай сусветнай вайны ў Алексічах быў усяго 31 двары, вадзяны млын і карчма. У той час як у суседнім мястэчку было 133 двары, месціліся царква і касцёл, капліца, сінагога, дзве школы, дзевяць корчмаў, млын, 28 крамаў і нават багадзельня. У час вайны мураваныя пабудовы моцна пацярпелі, але захоўваліся, аб чым сведчаць фотаздымкі слонімскага фатографа Г. Браўна.

Міхась Скобла ў “Дзярэчынскім дыярыюшы” гаворыць, што калона магла з’явіцца яшчэ ў XVII стагоддзі і была створана пасля прыходу ў тутэйшыя мясціны дамініканаў. Манахі прыбылі па запрашэнні слонімскага пісара Канстанціна Палубінскага, які ў 1618 годзе пабудаваў у мястэчку кляштар дамініканаў і Успенскі касцёл. Тады маглі паўстаць у Дзярэчыне і Алексічах дзве калоны. У якасці пацверджання таму можа быць узгадка святара Іосіфа Карскага, які служыў у дзярэчынскай царкве на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзя і пісаў: “гэтыя слупы пастаўлены ў памяць місіі ордэна дамініканаў”. Магчыма, ён яшчэ мог прачытаць надпісы, змешчаныя на абелісках. Аднак, мяркую, што ў такім разе магутныя слупы маглі быць пабудаваныя не абавязкова ў XVII стагоддзі, а значна пазней.

Таямнічая калона каля Алексічаў, або беларуская “Пізанская вежа”
Калона ў Дзярэчыне ў міжваенны час

Іншай думкі прытрымліваецца мясцовы паэт Генадзь Коўш. Згодна яму, калонна ў Алексічах ўзведзена ў 1708 годзе шведамі ў знак іх падзякі мясцоваму насельніцтву за дапамогу падчас руска-шведскай вайны: “На калоне была нават мемарыяльная шыльда з тэкстам па-беларуску і па-шведску. Але, кажуць, немцы ці партызаны яе знішчылі падчас Другой сусветнай вайны”. Сапраўды, падчас Паўночнай вайны ў Дзярэчын наведваліся шведскія войскі, на баку якіх выступіў Сапега. Але праход войскаў Карла ХІІ быў далёкі ад мірнага нават у дачыненні да ўладанняў саюзніка, пра што сведчаць шматлікія назвы “шведскія горы”, якія з таго часу сталі замацоўвацца ў памяці сялянаў за курганнымі могільнікамі на Слонімшчыне.

Таямнічая калона каля Алексічаў, або беларуская “Пізанская вежа”
Царква, касцёл і мемарыяльны камень у Дзярэчыне

Іншую версію прапаноўвае польская даследчыца Эльжбета Інеўска: калона ў Алексічах магла быць пастаўлена ў гонар Канстытуцыі 3 мая, якая ў 1791 годзе была прынятая ў Рэчы Паспалітай. Тады было ўзведзена каля 300 мемарыяльных калонаў, шэраг з якіх і сёння можна пабачыць у Беларусі. Напрыклад, у Глыбокім або Леанполе на Міёршчыне, Песках (сёння Бярозаўскі раён), Шніпках (Шчучынскі раён), Наваельні (Дзятлаўскі раён). Да сёння ў межах Беларусі захавалася 20 такіх калонаў. У тым ліку, як мяркуе Інеўска, і ў Алексічах.

Таямнічая калона каля Алексічаў, або беларуская “Пізанская вежа”
Калона ў Алексічах. Цяперашні стан

Так у валоданнях магната Аляксандра Сапегі, пры якім у 1786 годзе ў Дзярэчыне паўстаў мураваны палац, былі ўзведзеныя адразу два мемарыяльныя слупы. Адзін, у Алексічах, другі — па суседстве. Магчыма, яны былі ўзведзеныя ў гонар асабістай трагедыі Аляксандра Сапегі: яго жонка была фаварыткаю караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, ад якога мела двух дзяцей.

Цікавая гіпотэза, нягледзячы на відавочную адрознасць незахаванай калоны ў Дзярэчыне і пахіленай, быццам Пізанская вежа, калоны ў Алексічах. Тым больш цікавым з’яўляецца тое, што на фотаздымках слонімскага фатографа Г. Браўна, зробленых у тутэйшых мясцінах, маецца выява яшчэ адной калоны.

Магутны абеліск у Алексічах працягвае захоўваць сваю таямніцу.

Яшчэ адна таямнічая калона ў ваколіцах Дзярэчына. Фотаздымак Г. Браўна
Яшчэ адна таямнічая калона ў ваколіцах Дзярэчына. Фотаздымак Г. Браўна