Фота з сайта Ok.ru
Фота з сайта Ok.ru

 Інстытут сусветнай літаратуры імя Максіма Горкага Расійскай акадэміі навук (РАН) перадаў Беларусі копіі 314 дакументаў, звязаных з сям’ёй класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.

Дагавор аб перадачы дакументаў 2 красавіка ў Мінску падпісалі дырэктар інстытута РАН Вадзім Палонскі і Генадзь Ляхновіч, намеснік дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, у склад якога ў статусе філіяла ўваходзіць Літаратурны музей Максіма Багдановіча.

«Дзве выдатныя літаратурныя сям’і, з якіх выйшлі класікі рускай і беларускай літаратуры, аказаліся пародненыя сваяцкай сувяззю, — сказаў на прымеркаванай да гэтай падзеі прэс-канферэнцыі Палонскі. — Гаворка ідзе пра сям’ю Пешкава — сям’ю Аляксея Максімавіча Пешкава, або Максіма Горкага, і сям’ю Багдановічаў. Бацька выдатнага беларускага паэта Максіма Багдановіча, буйны літаратар, яркі этнограф і фалькларыст Адам Ягоравіч Багдановіч быў жанаты на Аляксандры Паўлаўне Волжынай — сястры жонкі Горкага».

«Адама Багдановіча прымалі ў доме Пешкавых, паміж імі ўсталяваліся цёплыя чалавечыя адносіны, якія перараслі ў цесныя творчыя сувязі, што працягваліся на працягу дзесяцігоддзяў. Сведчаннем таму з’яўляецца вялікі корпус дакументаў. Перш за ўсё, перапіска Адама Багдановіча з Аляксеем Пешкавым, сваёй жонкай Аляксандрай Паўлаўнай, жонкай Горкага Кацярынай Паўлаўнай, сакратаром Горкага Кручковым, шэрагам іншых людзей, так ці інакш звязаных з Горкім», — адзначыў навуковец.

Паводле слоў Палонскага, корпус гэтых дакументаў у асноўным знаходзіцца ў архіве Горкага ў Інстытуце сусветнай літаратуры РАН і доўгі час даследчыкі з Беларусі мелі пэўныя складанасці з доступам да гэтага архіва.

«Мы прынялі важнае рашэнне для адзінства нашых культур і навуковых традыцый — перадаць беларускаму боку копіі гэтых карпусоў, — заявіў дырэктар інстытута РАН. — Гэта эпісталярый Адама Багдановіча: яго лісты, перапіска з Пешкавымі і Кручковым. Гэта 314 вельмі важных і істотных дакументаў, якія дазваляюць аднавіць летапіс жыцця і творчасці і Багдановічаў, і Горкага, і яго атачэння, дазваляюць у новым святле ўбачыць вельмі многія важныя старонкі вялікай гісторыі літаратуры і культуры нашых народаў».

У сваю чаргу музей Багдановіча перадаў Інстытуту сусветнай літаратуры РАН копіі дакументаў, у прыватнасці чарнавікоў з успамінамі Адама Багдановіча аб Горкім, лістоў жонкі Горкага Багдановічу, перапіскі з Музеем Горкага і рэдакцыяй «Литературного наследства» ў Маскве.

Палонскі паведаміў, што ў 2018 годзе на аснове гэтых дакументаў плануецца выпусціць ілюстраваны альбом, прысвечаны сем’ям Пешкавых і Багдановічаў.