Фота: gettyimages.ru

Падчас сустрэчы з паралімпійскімі і алімпійскімі чэмпіёнамі Аляксандр Лукашэнка асаблівую падзяку выказаў менавіта спартсменам з фізічнымі абмежаваннямі.

“Вы проста прыгажуны! Я балеў за вас не менш, чым за нашых алімпійцаў”, — цытуе кіраўніка дзяржавы БЕЛТА.

Чаму тады за паралімпійскі залаты медаль чэмпіён атрымлівае ў тры разы меней грошай ад дзяржавы — толькі 50 тысяч долараў?

За срэбраны і бронзавы медаль алімпійцы атрымліваюць 100 і 50 тысяч долараў адпаведна, паралімпійцы — 30 і 20.

Футбаліст Аляксандр Глеб лічыць, што прызавыя павінны быць аднолькавая для ўсіх.

“Усім трэба даваць аднолькавую суму. Усё ж такі людзі нават з фізічнымі абмежаваннямі, з праблемамі са здароўем дасягаюць шмат чаго, праслаўляюць Радзіму”.

Трохразовая паралімпійская чэмпіёнка (лыжныя гонкі) гульняў у Пхёнчхане Святлана Саханенка якраз была на сустрэчы з прэзідэнтам. За свае медалі яна атрымае агулам 170 тысяч долараў (за тры залатыя па 50 і 20 тысяч — за бронзу).

Святлана не ведае, чаму алімпійцы атрымліваюць болей, паралімпійцам гэтыя грошы вельмі патрэбныя.

“Чалавеку з інваліднасцю ўвогуле не так проста зарабіць грошы. Для нас вялікае шчасце, што нам далі магчымасць выступаць на гульнях, і тое, што нам нейкія прэміяльныя даюць. Не магу сказаць, што грошы — гэта была самая галоўная матывацыя браць першыя месцы. Але ў нас няма магчымасці шмат зарабляць. Для мяне галоўнае цяпер — гэта жыллё. Сваю прэмію я патрачу на гэта”.

Па словах чэмпіёнкі, падтрымліваць спартсменаў грашыма трэба, таму што яны аддаюць спорту большую частку свайго вольнага часу і ўвогуле жыцця, што замінае часта бачыцца з роднымі.

Алімпійскі чэмпіён гульняў у Пекіне, цяжкаатлет Андрэй Арамнаў, звяртае ўвагу, што еўрапейскія краіны не фінансуюць чэмпіёнаў з дзяржаўнага бюджэту.

“Не думаю, што спорт так моцна павінен рэгулявацца дзяржавай. У Еўропе развітая спонсарская, рэкламная дзейнасць, менеджары. Там далі спорт народу, як яно і павінна быць”.

Беларускія прэміяльныя алімпійскім чэмпіёнам Арамнаў лічыць маленькімі!

“За такія дасягненні трэба даваць усім пароўну, і нават болей, чым даюць цяпер. І паралімпійцам, і алімпійцам не хапае. Што такое сто тысяч долараў? Заробкі ў нас маленькія. На гэтыя грошы немагчыма нават пабудаваць спартовую школу, каб потым перадаваць свае веды”.

Грошы ў асноўным ідуць на падрыхтоўку да іншых спаборніцтваў. Прынамсі Арамнаў патраціў сваю прэмію менавіта на гэта.