Фота: belapan.com

Католікі, грэка-католікі і значная частка пратэстантаў адзначаюць свята Уваскрэсення Хрыстовага — Вялікдзень, альбо Пасху. Ва ўсіх каталіцкіх касцёлах, грэка-каталіцкіх капліцах і пратэстанцкіх малітоўных дамах Беларусі прайшлі святочныя набажэнствы.

У пастырскім пасланні да вернікаў і ўсіх людзей добрай волі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначае: «Мы з’яўляемся часткай культуры, якая ўсімі магчымымі і немагчымымі спосабамі адкідвае смерць». Людзі сярэдняга веку ўсяляк імкнуцца «захаваць малады выгляд» і не паказваць, што старэюць. Калі гэтыя сучасныя тэндэнцыі «стараюцца затрымаць час, то Пасха вядзе нас наперад», бо з’яўляецца «святам не мінулага, але будучыні». Вялікдзень абвяшчае «праўду аб тым, што будучыня мае сэнс, бо ёй валодае не хтосьці іншы, а ўваскрэслы Хрыстос», які чакае «не толькі ў небе, але і на зямлі, каб дапамагаць у гэтым жыцці», -гаварыцца ў пасланні.

Сучасны свет, адзначае арцыбіскуп Кандрусевіч, «ніяк не можа выйсці з эканамічнага і фінансавага крызісаў, яго скаланаюць палітычныя і сацыяльныя крызісы, з кожным днём нарастае міграцыйны крызіс». «Многія краіны свету адмаўляюцца ад устаноўленага Богам інстытута сям’і <…> і прапагандуюць гомасексуальныя саюзы з усімі правамі нармальнай сям’і. Божы дар жыцця становіцца таварам, ім можна гандляваць і маніпуляваць, яго можна беспакарана забіваць ва ўлонні маці. Тэрарыстычныя акты трымаюць у страху цэлыя народы, бо невядома, калі і дзе можа здарыцца бяда. Поўнамаштабная, а можа, нават і ядзерная, вайна зазірае нам у вочы. Нявырашаная праблема сацыяльнай справядлівасці вядзе да паўстання новых канфліктаў», — наракае каталіцкі іерарх.

Надзея свету палягае «ва ўваскрэслым Езусе». Будучы ўключанымі «праз хрышчэнне ў смерць і ўваскрэсенне Хрыста», людзі закліканы «адкінуць старога чалавека, які канцэнтруецца выключна на самім сабе, стараецца падкрэсліць сваю пазіцыю ў грамадстве і імкнецца да ўлады, багацця і прыемнасцяў», гаварыцца ў пасланні.

«Хрысціянін павінен быць тым, хто ўсведамляе, што ўсё, што ён мае, з’яўляецца Божым дарам і ягонай ласкай, што яго жыццё кароткае, што ён слабы і грэшны, — адзначыў клірык. — Нягледзячы на гэта, ён застаецца ўмілаваным дзіцём Божым. Усведамленне гэтага вызваляе з няволі эгаізму, з боязі не страціць сваёй сацыяльнай пазіцыі ў грамадстве і страху перад будучыняй. Таму неабходна жыць ідэяй уваскрэсення, бо мэта нашага зямнога жыцця — дасягнуць вечнага жыцця з Богам. Гэта азначае, што ўсе прывязанасці да часовай рэчаіснасці з’яўляюцца адноснымі, а не абсалютнымі».

Кандрусевіч зычыць «ласкі ўваскрэслага Езуса, яго святла і бласлаўлення, моцнай веры і любові Бога і бліжняга ўсім нам і нашай Бацькаўшчыне Беларусі, каб яна з дня на дзень уваскрасала да новага жыцця. «Няхай праўда ўваскрэсення стане новай духоўнай ін’екцыяй, якая адновіць жыццё нашага грамадства, а ўваскрэслы Збаўца будзе нашай надзеяй і вядзе ў шчаслівую будучыню — да новай абяцанай зямлі, якой з’яўляецца Божае Валадарства», — гаварыцца у пастырскім пасланні.

Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй і трыма дыяцэзіямі — Віцебскай, Гродзенскай і Пінскай. Паводле статыстычных дадзеных за 2013—2016 гады, апублікаваных на афіцыйным партале касцёла (catholic.by), да каталіцкай веры сябе адносяць звыш 1,4 млн грамадзян краіны, аб’яднаных у 486 парафій.

Колькасць пратэстантаў у Беларусі ацэньваецца, паводле розных дадзеных, на ўзроўні ад 200 тысяч да 500 тысяч вернікаў, грэка-католікаў — прыкладна 10 тысяч чалавек.