Фота аўтара
Фота аўтара

22 сакавіка ў Гродне ў этнакраме “Цудоўня” прэзентавалі мапы па гродзенскіх месцах БНР. Яна падрыхтаваная на падставе даследаванняў гісторыка Андрэя Чарнякевіча і фотаздымкаў, сабраных гісторыкам Андрэем Вашкевічам. Вольга Новік, якая распрацоўвала мапу, адзначыла: “Гэта турыстычная мапа г. Гродна з адрасамі БНР. На ёй маюццанекалькі будынкаў, якія да сённяшняга часу не захаваліся. Таксама мы распрацавалі ўлёткі, якія больш падрабязна распавядаюць пра гэтыя будынкі”.

Затым вядомы гродзенскі бард Віктар Шалкевіч прачытаў “Гарадзенскія эпізоды” з дзённіка Антона Луцкевіча, аднаго з айцоў БНР, падкрэсліўшы: “Дзённікі пішуцца з дзвюма мэтамі: або каб іх нехта прачытаў, або каб не прачытаў ніхто”.

Антон Луцкевіч правёў у Гродне амаль тры месяцы (снежань 1918-люты 1919 года). Яго замалёўкі за гэты час праходзяць пад знакам немагчымасці арганізаваць якую-кольвеч суцэльную працу і інтрыгаў з боку супрацоўнікаў ураду, сярод якіх вылучаліся Язэп Варонка і Павел Аляксюк.

Урад БНР накіраваўся ў Гродна з Вільні 27 снежня 1918 года ў студзёным, няпаленым вагоне з пабітымі вокнамі. Антон Луцкевіч амаль кожны дзень адчувае нейкае рашчараванне, як напрыклад, “Тутэйшыя беларусы не могуць даць пяцёх здольных да працы людзей. Трэба даць нашых са двох”. Пры гэтым ён ужо прадчувае будучае эмігранцкае жыццё. У Гродне Луцкевіч піша ноты з просьбамі абароны ад разрывання палякамі беларускай зямлі да краін Антанты і займаецца пошукам грошай для паездкі на Парыжскую мірную канферэнцыю, якія, нарэшце, выдзяляе урад Украінскай Рэспублікі на чале з Пятлюраю.

“7.1.19 Ранішнія газеты прынеслі вестку аб заняцці Вільні бальшавікамі. Пры іншых варунках гэта б вызвала агульны сум, але цяпер мы шчыра цешымся, бо гэта адзіны ратунак ад польскага панавання. Бальшавізм, ведама, калі не запануе на ўсім гэтым свеце, а для гэтага, здаецца, яшчэ рана, можна прыраўнаць да дзіцячай хваробы – одны, або якой іншай, на якую дзіця павінна перахварэць, а пасля яе і нават следу не застанецца. Наадварот, калі б хоць на нейкі час у нас запанавалі палякі, гэтая б хвароба ўелася ў кроў і косці нашага народа аж да дзясятага пакалення. Адзіны антыдот супраць польшчыны – гэта бальшавізм”.

“10.01.19 Яшчэ раніцай у газетцы “Эхо” з’явілася вестка, што савецкія ўласці абавясцілі незалежнасць Савецкай Беларускай Рэспублікі. Гэта ўсіх нашых так наэліктрызавала, што ўсе нашы як адзін гатовыя ехаць у Менск і працаваць разам з бальшавікамі”.

Напрыканцы свайго гродзенскага перыяду Антон Луцкевіч прыходзіць да высновы, што “Бальшавізм у нас немінуч”, але не верыць у яго доўгае існаванне. Як паказаў час, адзін з айцоў БНР моцна памыляўся.