Фота: svaboda.org. Скульптура царскага паліцэйскага ў Мінску, каля якога фатаграфавалі затрыманыя актывісты Моладзі БНФ
Фота: svaboda.org. Скульптура царскага паліцэйскага ў Мінску, каля якога фатаграфавалі затрыманыя актывісты Моладзі БНФ

У Мінску затрымалі двух актывістаў моладзевай арганізацыі Партыі БНФ “Моладзь БНФ”, якія раздавалі запрашэнні на дазволены ўладамі канцэрт на Дзень Волі, запланаваны на 25 сакавіка каля Вялікага тэатра оперы і балета.

Як паведаміў актывіст “Моладзі БНФ” Юрый Лукашэвіч, маладыя людзі былі затрыманыя ў раёне станцыі метро “Няміга” і дастаўленыя ў Маскоўскае РУУС. “Актывісты раздавалі запрашэнні на 25 сакавіка. Яны вырашылі сфатаграфавацца з гэтымі запрашэннямі, і да іх пад’ехалі міліцыянеры. Спачатку хацелі затрымаць чацвярых, але дваіх у выніку адпусцілі, а дваіх затрымалі. У міліцыі сказалі, што з затрыманымі правядуць гутарку”, – распавёў Лукашэвіч.

Вядома, што аднаго з затрыманых клічуць Арцём Касавараў. Запрашэнні на дазволены ўладамі канцэрт актывісты раздавалі па дарозе ад Акадэміі навук да Нямігі.

Мітынг і канцэрт з нагоды 100-годдзя БНР каля опернага тэатра 25 сакавіка санкцыянаваныя Мінгарвыканкамам. Збор удзельнікаў плануецца з 13.00 да 14.00. Пасля святочнага мітынгу адбудзецца канцэрт, які будзе доўжыцца да 19.00.

Вядома, што на канцэрце выступяць Akute, “РСП”, Юрый Стыльскі (гурт “Дай дарогу!”), Ігар Варашкевіч (гурт “Крама”), Dzieciuki, Кася Камоцкая (гурт “Новае Неба”), Пётр Клюеў (гурт “ЛСП”) , Павел Аракелян, Адэля Вольская.

Мінгарвыканкам дазволіў выкарыстоўваць на мерапрыемстве нацыянальную сімволіку.

Поделиться: