У будучыні Беларусь, магчыма, пяройдзе на новую метадалогію ацэнкі тэставых іспытаў пры паступленні ў ВНУ. Пра гэта паведаміў міністр адукацыі Ігар Карпенка падчас анлайн-канферэнцыі ў інфармацыйным агенцтве БелТА 21 сакавіка.

Ён адзначыў, што сёння выкарыстоўваецца метадалогія рэйтынгу, якая многім, у тым ліку вучням, абітурыентам і бацькам, не зразумелая.

«У свеце існуюць і іншыя методыкі. Мы іх уважліва вывучылі, у тым ліку ў нашых найбліжэйшых суседзяў. Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў распрацаваў новую метадалогію ацэнкі тэстаў цэнтралізаванага тэставання. У гэтым годзе на гэту метадалогію пакуль пераходзіць не будзем — нам трэба яе апрабаваць. Таму сёлета будзем ацэньваць па мінулай метадалогіі. Але паралельна ацэнім і па новай. Мы паглядзім, наколькі яна паспяховая ў рамках канкрэтнай уступнай кампаніі», — паведаміў міністр.

Карпенка расказаў, што большасць навацый, якія плануецца ўвесці ў правілы прыёму, закрануць уступную кампанію 2019 года. Хутчэй за ўсё, гэта будуць тэрміны рэгістрацыі абітурыентаў для ўдзелу ў ЦТ. Далей змяненні закрануць патрабаванні аб наяўнасці стажу працы пры паступленні для атрымання адукацыі ў завочнай або вячэрняй форме. Таксама ідзе гаворка аб правядзенні для тых, хто паступае на спецыяльнасці, якія патрабуюць наяўнасці спецыяльных практычных навыкаў, дадатковых уступных іспытаў у ВНУ. Пералік такіх спецыяльнасцяў будзе вызначацца адпаведнымі структурамі, Міністэрствам адукацыі. Плануецца прадугледзець магчымасць мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй для арганізацый незалежна ад іх месца знаходжання. Будзе ўпарадкавана сістэма льгот пры паступленні.

Чыноўнік падкрэсліў: мяркуецца, што гэтыя змены могуць набыць моц не раней як у 2019 годзе.

Міністэрства адукацыі таксама вызначыла, якія адзнакі будуць прыраўнаваныя да нездавальняючых па выніках цэнтралізаванага тэставання ў 2018 годзе. Так, па вучэбным прадмеце беларуская мова або руская мова нездавальняючымі будуць лічыцца адзнакі ад 0 да 9 балаў уключна, для спецыяльнасцяў філалагічнага профілю — ад 0 да 24. Па першым прадмеце профільных іспытаў — матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — ад 0 да 19 балаў; гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя (найноўшы час), грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — ад 0 да 24 балаў. Па другім прадмеце профільных іспытаў — матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — нездавальняючыя адзнакі ад 0 да 9 балаў; гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя (найноўшы час), геаграфія, замежныя мовы — ад 0 да 14 балаў.