Фота з сайта Infourok.ru
Фота з сайта Infourok.ru

У дзень нараджэння Францішка Багушэвіча, 21 сакавіка, беларускі ПЭН-цэнтр у 23 раз уручыў прэмію імя Багушэвіча.

Прэмія Багушэвіча ўручаецца пісьменнікам і даследчыкам, якія сваімі гістарычнымі працамі пашыраюць і абуджаюць гістарычную свядомасць.

– Гэта адна з найстарэйшых незалежных беларускіх літаратурных прэмій, – распавяла старшыня беларускага ПЭН-центра Таццяна Нядбай. – Выбірае лаўрэатаў Рада ПЭН-цэнтра, чальцамі якой з’яўляецца Андрэй Хадановіч, Уладзімір Арлоў і яшчэ шэраг асобаў. Прэмія ўручаецца 23 раз, але ўжо другі год гэта адбываецца дзякуючы Святлане Алексіевіч, якая з’яўляецца фундатарам.

Назваў пераможцу аўтар, які сам атрымаў прэмію Багушэвіча 20 гадоў таму. Дырэктар беларускай службы “Радыё Свабода” Аляксандр Лукашук прыгадаў, як атрымаў узнагароду ад Васіля Быкава.

– З такіх кніг складаецца падмурак незалежнасці, дэмакратыі і свабоды, на якім могуць прарастаць ужо самыя прыгожыя кветкі, – распавёў Лукашук пра лаўрэатаў прэміі. 20 год назад я быў на такой імпрэзе ў музеі Янкі Купалы. Выйшаў на сцэну на той час старшыня ПЭН-цэнтра, назваў сваё імя. Гэтым старшынёй быў Васіль Быкаў. Ён у той дзень дрэнна сябе адчуваў, хварэў на астму. Тым не менш, ён прыйшоў і правёў цырымонію. І я доўга думаў, чаму ён прыйшоў у такім стане. Таму што ён быў салдатам культуры. Калі ў Беларусі адбываюцца культурныя акцыі, на якія прыходзяць людзі, удзельнічаюць, падтрымліваюць,  гэта таксама акт і дзеянне культуры.

Лукашук адкрыў канверт і назваў імя пераможцы. Ім стаў Уладзімір Лякін з кнігай “Ліцвіны ў гвардыі Напалеона”. Па іроніі лёсу, Лякіня на імпрэзе не было. Атрымала ўзнагароду рэдактар выдання Дзіяна Селях.

— Я вельмі радая, што нашу кнігу заўважылі, што яна прыйшлася да спадобы. Гэта не вельмі сціпла, але кніга насамрэч добрая, – сціпла пракаментавла Селях.

Больш гаварлівым быў выдавец кнігі, галоўны рэдактар выдавецтва “Тэхналогія” Зміцер Санько.

– Адчуваю вялікае задавальненне, што гэтая кніга, якая стала яскравай з’явай у культурным жыцці нашай краіны, уганаравана гэтай прэміяй, – распавёў “Народнай Воле” Санько. – Продкі аўтара былі ў гвардыі Напалеона, змагаліся ў элітных фармаваннях. І ў фундатара кнігі Уладзіміра Бржэзскага, які з’яўляецца школьным сябрам аўтара, прадзеды змагаліся ў арміі Напалеона. Гэта тэма слаба даследавана ў нашай гісторыі.

Выдавец прыгадаў адну з гісторый, апісаных у кнізе.

– Адзін з нашчадкаў гвардзейца Вішнеўскага ў трыццатыя гады рэгістраваў свайго сына ў ЗАГСе, – распавёў Санько. – Ён пажадаў, каб сына запісалі Напалеонам. Зразумела, сельсаветчык сказаў, што не, гэта вораг. Тады было прапанавана запісаць сына Банапартам. “Што гэта за імя?”, — спытаў сельсаветчык. “Мясцовае, тыпу Дэрмідонта”. Іронія лёсу ў тым, што калгас насіў імя Кутузава. Гэта сведчыць пра тое, што памяць захоўвалася.

Адзін з папярэдніх лаўрэатаў прэміі Уладзімір Арлоў распавёў “Народнай Воле”, чаму прэмія Багушэвіча насамрэч з’яўляецца істотнай для беларускай літаратуры.

– У часы заснавання прэміі мы толькі вярталі гістарычную памяць, схаваную ў спецсховішчах, вярталі сабе імёны нашых гісторыкаў, літаратараў, якія загінулі ў крывавых жорнах сталінскага тэрору. Гэта прэмія не страціла актуальнасці і зараз, таму што стан гістарычнай памяці ў сучаснай Беларусі не можа адпавядаць статусу незалежнай дзяржавы. У нас няма ні гістарычнага каналу, які ёсць у многіх іншых еўрапейскіх краінах, ні паслядоўнай сістэмы гістарычнай адукацыі. Таму важную ролю адыгрываюць кнігі, якія запаўняюць белыя плямы нашай гісторыі, вяртаюць нам праўду пра гістарычныя падзеі, якія доўга замоўчваліся.

У розныя гады прэмію Багушэвіча атрымлівалі Кастусь Акула, Лявон Баршчэўскі, Сяргей Ёрш, Вячка Целеш, Ала Сакалоўская, Андрэй Катлярчук, Ніна Стужынская, Захар Шыбека, Аляксандар Надсан, Леанід Маракоў, Кастусь Тарасаў, Вольга Бабкова, Дзмітрый Матвейчык, Алесь Краўцэвіч, Алесь Белы, Зміцер Санько, Анатоль Трафімчык, Святлана Марозава, Віктар Корбут і Зміцер Ласько.