Фота з сайта Mediabrest.by
Фота з сайта Mediabrest.by

Намесніца міністра адукацыі Беларусі Раіса Сідарэнка сустрэлася з прадстаўнікамі ініцыятыўнай групы бацькоў, якія дабіваюцца, каб у дзіцячых садках па ўсёй краіне былі створаны рознаўзроставыя беларускамоўныя групы.

Пра вынікі сустрэчы ў Міністэрстве адукацыі “Народнай Волі” распавяла адна з яе ініцыятараў архітэктарка і маці двух дзяцей Аляксандра Баярына.

Сустрэчай задаволены

— Адразу адзначу, асабіста я задаволена вынікамі сённяшняй сустрэчы ў Міністэрстве адукацыі, — распавядае Баярына. – Гэта ўжо не першы наш візіт у міністэрства. Мы былі там у лютым, і на той сустрэчы нас запэўнілі, што ў кожным раёне Беларусі могуць быць адкрыты рознаўзроставыя групы ў дзіцячых садках. Праўда, каб гэта праверыць, трэба дачакацца 1 верасня, тады будзе канчаткова зразумела, дзе адкрыліся беларускамоўныя групы, а дзе не.

Пасля нашай лютаўскай сустрэчы ў Міністэрстве адукацыі крокі наперад – адчувальныя. Міністэрства адукацыі напісала ліст, які адпраўлены ва ўсе абласныя выканкамы Беларусі. У гэтым лісце ўтрымліваецца наступная рэкамендацыя Мінадукацыі: зараз на месцах павінны фіксаваць пажаданую мову навучання для дзетак.

Ідучы сёння ў Міністэрства адукацыі, мы ўжо ведалі, што такі ліст ёсць. Праўда, рэкамендацыя аб “фіксацыі мовы навучання” выконваецца паўсюль па-рознаму.

— Трэба разумець, што вы рабілі маніторынг гэтага пытання?

— Так. І вынікі пакуль такія. Некаторыя раёны Мінска і сапраўды пачалі запісваць пажаданую мову навучання. Так, напрыклад у Партызанскім раёне Мінска пажаданую мову навучання запісваюць у спецыяльную форму. У Фрунзенскім раёне мову навучання можна запісаць у “примечании” да формы. У Маскоўскім раёне сталіцы пакуль мову навучання не запісваюць, дзяцей толькі ставяць у чаргу на месца ў садку. Тая ж самая сітуацыя ў Цэнтральным і Кастрычніцкім раёне.

Ёсць у нас інфармацыя і пра сітуацыю з мовай у некаторых рэгіёнах Беларусі. На дадзены момант не фіксуюць мову навучання: Магілёўскі аблвыканкам, Кіраўскі, Шклоўскі, Слаўгарадскі, Хойніцкі, Дзяржынскі, Мастоўскі, Ганцавіцкі, Баранавіцкі, Мсціслаўскі райвыканкамы. Горацкі райвыканкам прапаноўвае запісаць мову навучання ў заяве.

Як бачым, хоць Міністэрства адукацыі і сапраўды ідзе насустрач у моўным пытанне, сама трактоўка ліста з гэтага ведамства – вельмі вольная. Пакуль няма адзінага алгарытма дзеянняў.

Мы і далей будзем маніторыць сітуацыю, каб у выніку кожны з бацькоў мог выбраць для свайго дзіцёнка форму навучання.

– Што рабіць тым, хто стаіць у чарзе на дзіцячы садок апошнія некалькі гадоў?

– Гэта таксама вельмі важна. Не ўсе бацькі ведаюць, што маюць права пазначыць для свайго дзіцяці форму навучання ў дзіцячым садку. Мы доўга дабіваліся ад Раісы Сідарэнкі адказу на гэта. Нас запэўнілі, што адпаведная інфармацыя будзе размешчана на сайце ведамства. Іншае пытанне, ці шмат хто з бацькоў туды заходзіць?

Групы ў дзіцячых садках пачынаюцца фарміравацца з 1 красавіка. І пакуль выглядае так, што бацькі самі павінны даводзіць пра тое, што хочуць беларускую мову ў садках для сваіх дзяцей. І адпаведна з гэтымі запытамі будуць сфарміраваны групы ў садках.

Вырашыць моўнае пытанне раз і назаўжды

– “Моўнае” пытанне ў садках паўстала не ўчора, – працягвае Аляксандра. – Праблему ўздымала Крысціна Вітушка яшчэ ў 2006-м годзе. Прайшло ўжо 12 гадоў, а сітуацыя не вырашана. У Міністэрстве адукацыі ў нас пытаюцца, што хвалюе асабіста нас. Гэта такі персанальны падыход. А я не хачу, каб маё дзіцё было ўладкавана лепш за астатніх і пра праблему забыліся. Трэба, каб пытанне было вырашана раз і назаўсёды.

Паўтаруся, што Міністэрства адукацыі і сапраўды робіць крокі насустрач. Праблема палягае ў вольнай трактоўцы іх распараджэнняў на месцы. Таму наша ініцыятыўная група і далей будзе маніторыць сітуацыю. Не выключана, што праз нейкі час мы будзем звяртацца ў Мінадукацыі ізноў.