Кобрын
Кобрын, фота svaboda.org

Яшчэ ў адным горадзе Беларусі – Кобрыне – будзе адзначацца Дзень Волі. Мясцовыя ўлады дазволілі актывістам горада правесці 25 сакавіка пікет каля кобрынскага Палаца культуры. Час правядзення мерапрыемства: з 11.00 да 15.00.

— Перамовы доўжыліся тыдзень, — расказвае адзін з заяўнікоў, грамадскі актывіст Аляксандр Мех. — Тэмай перамоваў быў дзень і месца  святкавання. Урэшце ўлада дазволіла пікет менавіта 25 сакавіка.

Аляксандр кажа, што да мерапрыемства ён падрыхтаваў шмат атрыбутыкі — сцягі БНР, герб БНР, расцяжкі і інфармацыйныя буклеты, якія будзе раздаваць усім жадаючым.

Адказ Кобрынскага райвыканкама
Адказ Кобрынскага райвыканкама

Дарэчы, у лісце, які атрымаў Аляксандр Мех з райвыканкама за подпісам намесніка старшыні В.Трубчыка, адзначана, што дазвол дадзены “улічваючы юбілейную дату гістарычнай падзеі 100-годдзя з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі”.

Што тычыцца ўдзельнікаў акцыі, то Аляксандр Мех спадзяецца, што людзей збярэцца нямала.

— Пікет замаўлялі на 10 чалавек, — адзначае Мех. —  А колькі прыйдзе  яшчэ, — іншае пытанне. Шмат актыўнай часткі насельніцтва Кобрына з’ехала на заробкі. Масава ў Польшчу, частка ў Расію. Але я спадзяюся, што нямала жыхароў горада нас падтрымаюць…