Фота з сайта nn.by
Фота з сайта nn.by

Леанід Сасноўскі — просты рэчыцкі рабочы, працуе на «Рэчыцадрэве». На здароўе асабліва не наракаў, улетку праходзіў планавы агляд на прадпрыемстве.

Увосень 2017 года ў мужчыны пачала балець галава, з’явіліся праблемы з дыханнем.

Яго паклалі ў мясцовую бальніцу. Праўда, у інфекцыйнае аддзяленне, а не да оталарынголага.

Што было далей, «Нашай Ніве» расказаў сябра мужчыны — сам хворы цяпер гаворыць мала.

«У бальніцы Лёня паляжаў троху… Выпісалі яго ў яшчэ горшым стане, з рэкамендацыяй «схадзіць да лора» — проста ў нас інфекцыёнка і лор-аддзяленне ў розных месцах знаходзяцца, — расказвае яго сябра Алег Шабетнік. — Да лора трапіць было цяжка, на аўтобусе прыедзеш у паліклініку, а талонаў ужо няма. Людзі падказалі графік дзяжурства доктара ў бальніцы, параілі схадзіць у прыёмны пакой. Ён з сястрой паехаў да лора, тая накіравала ў Гомель — гэта ўжо ў лютым было.

У Гомелі глянулі: маўляў, кепска з вамі, але вось вам укольчыкі і таблеткі — «каліце». Пакуль курс лячэння быў, то, здаецца, нейкая адліга наступіла. Потым зноў горш.

Сястра завяла яго ў платную паліклініку, дык там жахнуліся проста! Сказалі: як гэта так, што ніхто не ўбачыў маштаб вашых праблем — у вас гной раз’еў храшчы, вочы пачалі раз’язджацца, бо і косткі твару ўжо раз’едзеныя. Словам, аперацыя непазбежная. Зноў яго паклалі ў бальніцу, будуць рабіць аперацыю, але наступствы… Калі выжыве, то будзе інвалідам… «Калі выжыве», разумееце?! Так дактары кажуць».

Алег паказаў нам, як выглядаў Леанід да хваробы — гэта фота з пашпарта.

«У яго вочы ўжо амаль не бачаць, вушы амаль не чуюць. Твар за два месяцы стаў як у прышэльца, і гэтага ніхто не бачыў», — наракае сябра мужчыны.

У рэчыцкай бальніцы, дзе першапачаткова лячыўся Леанід, ад каментароў адмовіліся.

«Мы прадастаўляем інфармацыю толькі кампетэнтным органам», — сказаў намеснік галоўнага доктара Сяргей Тананыкін.

На пытанне, чаму ў інфекцыйнае аддзяленне не прыехаў кампетэнтны оталарынголаг, доктар таксама не адказаў.