Міхаіл Жамчужны ў судзе. Фота з сайта spring96.org (архіў)

Палітвязень Міхаіл Жамчужны 15 сакавіка атрымаў чарговае спагнанне — сем сутак змяшчэння ў штрафны ізалятар (ШІЗА).

Гэта ўжо 24-е спагнанне, накладзенае на Жамчужнага са жніўня 2017 года, калі яго перавялі ў калонію № 9 у Горках, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

«Праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся якраз з часу пераводу ў калонію № 9, дзе з папушчальніцтва адміністрацыі для яго былі створаны зневажальныя ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія траўлі, звязаная з усталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін, — адзначаюць праваабаронцы. — Фармальнымі падставамі для пакаранняў адміністрацыя называла нязменныя адмовы палітвязня пераходзіць у атрад, сфарміраваны з асуджаных «з нізкім статусам». Палітвязень сапраўды адмаўляўся, аднак перад кожным накіраваннем у ШІЗА абгрунтоўваў свае адмовы і прасіў адміністрацыю памясціць яго ў бяспечныя ўмовы».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, за апошні месяц адбыліся пэўныя змены ў сітуацыі адбыцця пакарання Жамчужным. Так, 1 сакавіка, пасля чарговых 10 сутак у ШІЗА, начальнік калоніі сказаў Жамчужнаму, што той можа ісці ў звычайны атрад № 3, бо нібыта «ўжо ўсё добра» (значыць, пытанні са статусам вырашаны). Аднак з`яўленне Жамчужнага ў гэтым атрадзе выклікала негатыўную рэакцыю іншых асуджаных. Каб пазбегнуць канфлікту, Жамчужны пакінуў атрад і зноў атрымаў спагнанне — 10 сутак у ШІЗА.

Падчас адбыцця гэтага пакарання палітвязня азнаёмілі з дакументам, падпісаным начальнікам калоніі, згодна з якім Жамчужнаму выдзяляецца бяспечнае месца, але «ва ўмовах атрада № 3». Пасля чарговых дзесяці сутак ШІЗА начальнік калоніі зноў паўтарыў Жамчужнаму, што «ў яго ўсё ў парадку» і зноў накіраваў у атрад № 3. Сітуацыя паўтарылася, і каб зноў пазбегнуць канфлікту са зняволенымі, Жамчужны адмовіўся заставацца ў атрадзе. Пасля гэтага атрымаў спачатку трое, а затым сем сутак ШІЗА.

У выніку Міхаіл Жамчужны напісаў начальніку калоніі, што пойдзе ў атрад № 3, калі адміністрацыя ўзгодніць яго прысутнасць там з іншымі вязнямі. У найбліжэйшыя дні, калі скончацца сем сутак ШІЗА, сітуацыя павінна праясніцца.

Праваабаронцам таксама стала вядома, што Жамчужны атрымаў адказ з дэпартамента выканання пакаранняў МУС, куды ён звяртаўся з просьбай аб пераводзе яго для адбыцця пакарання ў іншую калонію. ДВП ухіліўся ад вырашэння праблемы, указаўшы ў лісце, што пытанне аб пераводзе ў іншае месца вырашае начальнік калоніі. У найбліжэйшы час Жамчужны мае намер звярнуцца да начальніка калоніі з адпаведнай просьбай.

Праваабаронцы таксама называюць «невытлумачальнай» пазіцыю пракуратуры Магілёўскай вобласці, куды Жамчужны таксама накіроўваў скаргу. У лісце ў адказ абласная пракуратура ўказала, што будзе разглядаць яго звароты пасля аплаты дзяржпошліны. З гэтай сітуацыяй праваабаронцы маюць намер разбірацца асобна.

Акрамя ўсяго іншага, Жамчужны па-ранейшаму не атрымлівае карэспандэнцыю і не можа пісаць лісты сам. Да яго не даходзяць нават заказныя лісты, якія раней перадаваліся палітвязню ў кароткія прамежкі паміж яго змяшчэннем у штрафны ізалятар.

Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак, вынаходнік. Жамчужны перадаваў звесткі пра ўтрыманне зняволеных у месцах пазбаўлення волі праваабарончай арганізацыі «Платформа». Быў затрыманы ў 2014 годзе. У ліпені 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторванні да наўмыснага выдавання звестак, якія складаюць службовую тайну, незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, і дачы хабару. Праваабаронцу прыгаварылі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж года касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла яму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.