Калі на Захадзе моршчацца: «Ну што вы ўсё пра вайну ды пра вайну?», я ў адказ пытаюся: колькі вёсак з жанчынамі і дзецьмі спалілі нямецкія акупанты, напрыклад, у Францыі? У Беларусі, па дадзеных Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі, гэтая лічба крычыць і рэжа сэрца да сённяшніх дзён — 9093. Таму мы ніколі не забудзем пра другую сусветную вайну, і пра ўсе журботныя даты, з ёю звязаныя.

75 гадоў таму — 22 сакавіка 1943 — была спалена Хатынь.

Учора, у памяць менавіта пра гэтую дату, у сталічным Доме Кіно прайшоў паказ класікі айчыннага кінематографа — адрэстаўраванай версіі драмы рэжысёра Элема Клімава паводле сцэнарыя Алеся Адамовіча «Ідзі і глядзі» («Беларусьфільм», «Мосфильм», 1985 г.).

Перад сеансам выступілі члены здымачнай групы: дырэктар карціны Наталля Пальчонак, другі рэжысёр Уладзімір Паначэўны, галоўны гукааператар Віктар Морс — ён адмыслова прыехаў з Масквы. На жаль, галоўных стваральнікаў фільма – знакамітых Алеся Адамовіча і Элема Клімава — ужо няма сярод жывых.

На здымках фільма. Фота Яўген Коктыш
На здымках фільма. Фота Яўген Коктыш

Я памятаю, як кінастужку ў 1986-м годзе прывезлі ў Мінск. Спачатку яе паказвалі ў кінатэатры «Кастрычнік» — ён быў тады лепшым у сталіцы. Квіткі на сеанс купіць было вельмі цяжка, але, вядома, людзі стаялі ў чарзе, не гледзячы на час.

І вось заканчваюцца апошнія кадры фільма — крывавае пекла з крыві і агню. Галоўны герой Флёр (13-гадовы Аляксей Краўчанка, які стаў прафесійным акцёрам і служыць зараз у МХТ імя Чэхава), у фільме падлетак з тварам старога чалавека, ашалела страляе ў партрэт Гітлера-правадыра, Гітлера-юнака, Гітлера-хлапчука. Але ў Гітлера-немаўля ён стрэліць не можа… Немаўля невінаваты. А Флёр нават пасля ўсяго перажытага пекла ўсё ж такі не можа абудзіць у сабе звера … На шчасце, не можа.

Людзі выходзілі з кінатэатра пры мёртвай цішыні. Як у 1986-м, так і ўчора, у 2018-м. Асабіста я думала, што ніколі больш не змагу ўсміхацца. Як у 1986, так і зноў учора…

За больш чым 30 гадоў з моманту стварэння фільм стаў лаўрэатам шматлікіх прэстыжных кінафэстаў. У 1985 годзе ён быў вылучаны ад СССР у лік прэтэндэнтаў на прэмію «Оскар» у намінацыі «Лепшы фільм на замежнай мове». У 2008 годзе брытанскі часопіс Empire уключыў стужку ў спіс «500 найвялікшых фільмаў усіх часоў». У мінулым годзе гэта стужка атрымала Галоўны прыз на 74-м Венецыянскім кінафестывалі ў намінацыі «Венецыянская класіка».

Па выніках апытання, праведзенага ў 2012 годзе брытанскім часопісам «Sight & Sound» сярод рэжысёраў, карціна заняла 30 месца ў спісе лепшых фільмаў усіх часоў. На YouTube кінастужка мае каля двух мільёнаў праглядаў.