Фото с сайта Intex-press.by
Фото с сайта Intex-press.by

Пры правядзенні 25 сакавіка каля Вялікага тэатра оперы і балета святочных мерапрыемстваў да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі сталічная міліцыя будзе праводзіць асабісты надгляд грамадзян і іх рэчаў, паведамляе на сваім сайце ГУУС Мінгарвыканкама.

«На падставе артыкула 11 закона Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах» № 114-3 ад 30.12.1997 на гэтай тэрыторыі супрацоўнікамі органаў унутраных спраў будзе праводзіцца асабісты надгляд грамадзян і надгляд iх рэчаў, у тым ліку з дапамогай тэхнічных і спецыяльных сродкаў. У выпадку адмовы грамадзяніна ад асабістага надгляду альбо ад надгляду яго рэчаў ён не дапускаецца ў месца правядзення масавага мерапрыемства», — гаворыцца ў паведамленні.

Для больш зручнага і хуткага праходу ў Вялікі тэатр на паказы ГУУС рэкамендуе грамадзянам праходзіць цераз вуліцу Алаізы Пашкевіч, маючы пры сабе квіткі на спектакль.

Мітынг і канцэрт да 100-годдзя БНР ля опернага тэатра 25 сакавіка санкцыянаваныя Мінгарвыканкамам. Збор удзельнікаў плануецца з 13.00 да 14.00. Пасля святочнага мітынгу адбудзецца канцэрт, які будзе доўжыцца да 19.00.