Фота з сайта Belsat.eu
Фота з сайта Belsat.eu

Няма такой тэмы, вакол якой не магла б перасварыцца прагрэсіўная беларуская публіка. Тым болей — калі такая унікальная нагода! Жарсці вакол таго, як годна адзначыць стагоддзе БНР, некалькі тыдняў шалёна пеняцца ў рэале ды сацыяльных сетках.

Хіба што забойчы кліп Галыгіна — Шнура пра 8 сакавіка (маўчу, маўчу) на нейкі час стварыў канкурэнцыю халівару вакол Дня Волі. Але потым жарсці выбухнулі нанова, ды так, што Шэкспір адпачывае.

Хтосьці звыкла шукае пасткі, падкопы ды прыкметы зневажальнага стаўлення з боку ўлады. Ад пачатку смешна было бачыць, як на эпічным пасяджэнні аргкамітэта (з якога стрыміла “Радыё Свабода”) хто-ніхто спрабаваў ўзвесці ў ранг ультыматуму ўмову, каб вакол месца канцэрта не было “загародак”. Хоць гэта не момант знявагі, а стандартная мера бяспекі.

Хтосьці мяркуе, што апазіцыя страціць гонар, калі абмяжуецца толькі святам, а не кіне рэжыму пальчатку шэсцем па праспекце. Пасля расколу аргкамітэта бакі сталі вінаваціць адно аднаго ў сепаратызме. Палітызаваная публіка ў сацыяльных сетках таксама падзялілася на два лагеры — умоўна кажучы, маніфестантаў і канцэртнікаў.

Апошнія настойваюць, што не варта мяшаць боб з гарохам — свята са змаганнем. А самыя вострыя на язык называюць адэптаў вулічных шэсцяў самазакаханымі паўлінамі (страчаюцца і мацнейшыя выразы), з якімі немагчыма знайсці агульную мову.

Хтосьці спапяляе пагардай артыстаў, якім не выпадае выступіць у Мінску на Дні Волі (у Сяргея Міхалка канцэрт у Мазыры, Лявон Вольскі мае спяваць у Беластоку). Зусім анекдатычна выглядаў халівар вакол Аляксандра Саладухі — ці варта запрашаць поп-зорку на фестываль з такім высокадухоўным зместам? Добра, што Саладуха сам адмовіўся.

Агульная выснова: апанентам улады страшэнна бракуе таго, адсутнасць чаго прывыклі закідаць уладзе, — талерантнасці, павагі да іншага выбару.

Напрыклад, я сам за тое, каб на фестывалі ля опернага было як мага болей культавых фігур. І што на стагоддзе БНР — у дзень, які сам можа стаць гістарычным — лепей канцэнтраваць патэнцыял у сталіцы, каб рэзананс свята аказаўся максімальны. Але чаму вы вырашылі, што Міхалок ці Вольскі вам нешта вінны, што на першым плане ў артыста мусяць быць палітычныя, змагарскія меркаванні, а не ўмовы кантракта?

Яшчэ адна мая выснова такая: на беларускую нацыянальна свядомую публіку цісне груз доўгага негатыўнага досведу — шмат гадоў рэжым яе ў грош не ставіў, зневажаў і метадычна рэпрэсаваў. Таму цяпер, калі адным вокам заглянула сонца і ў наша аконца, многія проста разгубіліся. Сітуацыя нестандартная, у нейкім сэнсе унікальная, а парадыгмы ў галаве старыя, фармулёўкі на язык лезуць звыклыя, клішаваныя.

Безумоўна, улада ўсё робіць найперш дзеля сваіх інтарэсаў. Але тут той выпадак, калі інтарэсы ўлады і незалежнага грамадства ў значнай ступені супалі. Наверсе прыйшлі да высновы, што грунтаваць ідэалогію адно што на савецкай спадчыне — недальнабачна, што трэба пакрысе засвойваць іншыя наратывы, у тым ліку тыя, якія ёсць культавымі для нацыяналістаў.

Пішу, а сам думаю: цьху-цьху, каб не сурочыць. Натуральна, 25 сакавіка не выключаны непрыемныя нечаканасці. Напрыклад, могуць быць эксцэсы выканаўцы з боку сілавікоў, правакацыі з іншага боку, нават з некалькіх бакоў (у прыватнасці, варта памятаць, што свята не даспадобы прамаскоўскім сілам). Але відавочна, што па вялікім рахунку высокае начальства зацікаўлена, каб усё прайшло ціп-топ. І гэта, бадай, не той дзень, калі найболей непрымірымай частцы апанентаў рэжыму трэба любым коштам нарывацца на скандал.

Аднак, на мой погляд, не варта так ужо дзяўбці, узнагароджваць крыўднымі мянушкамі старую гвардыю вулічнай барацьбы — Міколу Статкевіча і ягоных паплечнікаў, супрацьпастаўляць іх тым маладым актывістам-прагматыкам (Павел Белавус ды іншыя), што без усялякіх комплексаў узяліся за арганізацыю імпрэзы.

У тым, што ўлада змяніла лінію паводзін, пачала шукаць кампраміс з “пятай калонай”, “нацменамі” (колішнія выразы афіцыйнага лідара), ёсць заслуга як тых, хто ўпарта выходзіў на недазволеныя акцыі, так і тых, хто зрабіў стаўку на таленавітую прамоцыю беларушчыны ў розных мастацкіх формах. І яшчэ шмат каго заслуга.

Разам з тым, як сказана ў мудрай кнізе, бывае час раскідаць камяні, а бывае час іх збіраць. Стагоддзе БНР, мяркую, мусіць стаць момантам збірання камянёў.

Не трэба камплексаваць ды цвердзіць пра “загародкі”. Ніхто нікога туды не заганяе. Казаць, што гэта адно гульня па правілах рэжыму, спрыянне ягонай легітымацыі і г.д., — на мой погляд, ёсць праявай апазіцыйнай закамплексаванасці. Тое, што працуе на Беларусь, варта падтрымліваць у кожным разе.

Пры гэтым многім варта пазбаўляцца ад комплексу гета, комплексу андэграунду. Адвыкаць ад залішняй крыўдлівасці, перманентнага пошуку ворагаў, “агентаў крывавага рэжыму”. Вучыцца культуры дыскусіі і кампрамісу — на гэтым, між іншым, грунтуецца ўся палітыка ў дэмакратычнай Еўропе, часткай якой мы хочам бачыць і Беларусь.

А чаму б не зірнуць на сітуацыю пад іншым вуглом зроку: нацыянальна свядомая грамада дэ-факта заваявала плацдарм у цэнтры горада, атрымала магчымасць легальна на поўны голас заявіць пра свае каштоўнасці. Рэзананс гэтай падзеі, калі ўсё пройдзе добра, акажацца каласальным. І гэта — агульная перамога тых, хто за вольную незалежную Беларусь.