Ганна Дусь і Андрэй Стрыжак, 15 сакавіка 2018 г. Фота Ірыны Арахоўскай.
Ганна Дусь і Андрэй Стрыжак, 15 сакавіка 2018 г. Фота Ірыны Арахоўскай.

За апошнія некалькі дзён з рэйсавага транспарту на беларуска-літоўскай мяжы для правядзення паглыбленага асабістага надгляду былі зняты чацвёра актывістаў Незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці: намесніца старшыні арганізацыі Зінаіда Міхнюк, каардынатар маладзёжнай сеткі прафсаюза РЭП Ганна Дусь, намеснік старшыні Гомельскага прафкама РЭП Андрэй Стрыжак і рэдактар сайта арганізацыі Яўгенія Стрыжак.

Усе яны звязваюць павышаную пільнасць мытнікаў і памежнікаў з крымінальнай справай кіраўніка РЭП Генадзя Фядыніча.

Пра акалічнасці інцыдэнту на беларуска-літоўскай мяжы распавядае Ганна Дусь.

“Экран міргнуў чырвоным”

– 7 сакавіка я вярталася ў Мінск цягніком з Вільнюса, – распавядае Ганна. – Ужо ведала, што за некалькі гадзін да гэтага на памежным пераходзе “Гудагай” з цягніка для надгляду знялі Зінаіду Міхнюк. Мяне з цягніка знялі там жа. Без тлумачэння прычын. Адзінае, што сказалі памежнікі: быццам мой пашпарт знаходзіцца ў “неналежным стане”. Што канкрэтна неналежнага ў маім дакуменце – не сказалі, пры тым што па гэтым жа дакуменце, нават з той самай візай я неаднаразова перасякала ў тым ліку і беларуска-літоўскую мяжу раней.

Я заўважыла: калі памежнікі сталі правяраць мой пашпарт з дапамогай спецыяльнага камп’ютара, экран міргнуў чырвоным. Пасля гэтага мне паведамілі, што мяне пакідаюць у Гудагаі для асабістага надгляду. Мяне прымусілі запоўніць дэкларацыю, хаця ніякіх рэчаў ці грашовых сродкаў, якія падлягалі б абавязковаму дэклараванню, у мяне з сабой не было.

Усё, што адбылося, я расцэньваю як непрыхаваны ціск на незалежных актывістаў.

Ніякіх афіцыйных тлумачэнняў, што канкрэтна я парушыла, чым выклікана такая цікавасць да мяне з боку беларускіх памежнікаў і мытнікаў, я не атрымала. Зараз у мяне на руках ёсць толькі пратакол дагляду і больш нічога.

Праз некалькі дзён пасля пільнага надгляду Зінаіды Міхнюк і Ганны Дусь у падобную сітуацыю трапілі Андрэй і Яўгенія Стрыжакі.

Распранаюць да ніжняй бялізны

– 13 сакавіка каля 9 вечара мы вярталіся рэйсавым аўтобусам з Вільнюса ў Беларусь, – распавядае Андрэй. – Нас з Яўгеніяй Стрыжак знялі з аўтобуса ў пункце пропуску “Каменны Лог”. Падчас праверкі нашых дакументаў мне ўдалося ўбачыць частку экрана камп’ютара, на якім працуюць памежнікі. На экране з’явілася чырвоная рамка з чырвоным крыжыкам і нейкі дадатковы тэкст. Да нас падышоў начальнік памежнай змены, які прыняў рашэнне зняць нас з аўтобуса. Пасля нас перадалі мытнікам. Рашэнне аб правядзенні асабістага надгляду прымалася там жа на месцы – лічыце, заднім чыслом. То бок пасля таго, як нас знялі з аўтобуса. Мытнікі звязаліся са сваім кіраўніцтвам для правядзення асабістага надгляду. Такі дазвол імі быў атрыманы.

Сама працэдура асабістага надгляду ў сённяшняй Беларусі такая: чалавека ў прысутнасці двух сведак распранаюць да ніжняй бялізны, каб упэўніцца, што пад адзеннем няма ніякіх забароненых для правозу рэчаў. Пры гэтым ні пісьмовага, ні вуснага абгрунтавання, навошта такі надгляд у дачыненні да нас праводзіцца, нам не далі. Аб гэтым я зрабіў адпаведны запіс у акце надгляду. Я збіраюся абскарджваць дзеянні мытнікаў як неправамерныя.

“Гэта непрыхаваны ціск на актывістаў…”

Пракаментаваць сітуацыю з надглядам актывістаў РЭП “Народная Воля” папрасіла кіраўніка арганізацыі Генадзя Фядыніча.

– Відавочна, што на беларускую мяжу вярнуліся “чорныя спісы”. Хаця ці знікалі яны – пытанне. Для таго, каб упэўніцца ў выпадковасці ці невыпадковасці сваіх затрыманняў на мяжы, і Ганна Дусь, і Андрэй Стрыжак днямі зноў паспрабуюць выехаць за мяжу. Калі сітуацыя паўторыцца, то Незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці пакідае за сабой права распачаць працу ў кірунку таго, каб супраць людзей, якія чыняць гэтае беззаконне, былі ўведзены пэўныя міжнародныя санкцыі. Мы чакаем, што ў красавіку ў Беларусь прыедзе місія міжнародных прафсаюзных арганізацый і пройдзе канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Міжнароднай арганізацыі. Там мы пра выпадкі ціску на нашых актывістаў будзем распавядаць.

Хаця асабіста я перакананы: за ўсім гэтым стаіць КДБ Беларусі. Мытнікі і памежнікі – гэта проста інструменты для ціску. І ціск гэты звязаны з крымінальнай справай, распачатай у дачыненні да мяне і Ігара Комліка.

Мы накіравалі некалькі зваротаў аб тым, што справа павінна быць закрыта, і ў пракуратуру, і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Адусюль прыйшлі адпіскі. Нам не дазволілі ніводнага з 17 пікетаў па краіне, на якіх мы збіраліся даводзіць усю абсурднасць распачатай крымінальнай справы. Усё гэта сведчыць пра тое, што ўлада не гатова ісці на кантакт…