Вокладка Канстытуцыі 1994 года
Вокладка Канстытуцыі 1994 года

Сёння ў Беларусі адзначаецца дзень Канстытуцыі. Асноўны Закон, з якім жыве наша суверэнная краіна, быў прыняты роўна дваццаць чатыры гады таму – 15 сакавіка 1994-га года.

Пра тое, як распрацоўвалася першая Канстытуцыя незалежнай Беларусі, якія змены пацярпела ў першыя гады пасля прыняцця і якую галоўную памылку ўтрымлівае асноўны беларускі закон,“Народнай Волі” распавядаюць людзі, якія непасрэдна спрычыніліся да таго, каб у Беларусі з’явілася ўласная Канстытуцыя.

Памылкі “маладога прэзідэнта”

Адным з тых, хто распрацоўваў першую Канстытуцыю суверэннай Беларусі, быў юрыст Міхаіл Пастухоў. Вось што ён узгадвае:

— Пралогам да таго, каб беларусы займелі ўласную Канстутыцыю, стала Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, якая была прынята 27 ліпеня 1990 года. Пасля падаўлення жнівеньскага путча 1991 года Дэкларацыя атрымала статус Канстытуцыйнага закона – на мове юрыстаў гэта азначае, што Дэкларацыя стала малой Канстытуцыяй. Летам жа 1991 года была сфарміравана Канстытуцыйная камісія, у склад якой увайшлі каля 60 дэпутатаў Вярхоўнага Савета. У іх ліку, дарэчы, быў і Аляксандр Лукашэнка. Акрамя дэпутатаў у склад названай камісіі ўваходзілі і юрысты.

Дзень Канстытуцыі. "Нам нельга было ўводзіць прэзідэнцкі пост…"
Михаил Пастухов

Сама ж камісія раздзялілася на дзве працоўныя групы. Гэта было зроблена для таго, каб былі распрацаваны розныя падыходы, альтэрнатыўныя погляды на будучую Канстытуцыю Беларусі. Адну групу, у якую ўваходзіў і я, узначаліў Віктар Ганчар, а другую – заслужаны юрыст Беларусі Васіль Шаладонаў. У першай групе працавалі больш маладыя юрысты, а пад крылом Шаладонава сабраліся тыя, хто прасоўваў інтарэсы дзейнай наменклатуры. Пасля плённай працы абедзвюх груп былі прадстаўлены два праекты Канстытуцыі Беларусі – ні ў адным з іх не было і слова пра прэзідэнцкі пост. Напрацоўкі нашай групы юрыстаў былі прыняты да ўвагі, але ў далейшым да працы нас больш не прыцягвалі.

— А як у Канстытуцыі з’явілася згадка пра тое, што ў Беларусі будзе ўведзены прэзідэнцкі пост?

— Як вы разумееце, доўга вяліся дыскусіі пра тое, якой павінна была быць першая беларуская Канстытуцыя. У друку з’явіліся тры ці чатыры варыянты будучай Канстытуцыі. У адным з іх і было прапанавана,  што ў Беларусі павінен быць уведзены прэзідэнцкі пост. Гэтая ініцытыва сыходзіла ад прадстаўнікоў старой наменклатуры, якая бачыла на гэтай пасадзе Вячаслава Кебіча. А матывацыя была такой: трэба пераняць вопыт Расіі – раз там увялі пасаду прэзідэнта, то і ў нас яна павінна быць. Супраць гэтага катэгарычна выступіла апазіцыя Беларускага Народнага Фронту на чале з Зянонам Пазняком. Аднак, наменклатура “праціснула” гэтае пытанне, атрымаўшы падтрымку ад групы “маладых палітычных ваўкоў”, як іх тады называлі. Да іх ліку адносілі Віктара Ганчара, Дзмітрыя Булахава, Леаніда Сініцына. Галасаванне па ўвядзенні пасады прэзідэнта адбывалася імяннымі бюлетэнямі. Вялікі ціск аказваўся на тых дэпутатаў, якія не належалі ні да адной з груп і з рашэннем сваім не вызначыліся. У выніку пасада прэзідэнта ў Канстытуцыі з’явілася. Першым прэзідэнтам стаў Аляксандр Лукашэнка.

— Міхаіл Іванавіч, у той час вы былі суддзёй Канстытуцыйнага суда Беларусі. Малады прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка парушаў Канстытуцыю?

— Я б не так ставіў пытанне. З 15 сакавіка 1994 года да лістапада 1996-га, калі ў Беларусі адбыўся рэферэндум, на якім былі прыняты “прэзідэнцкія папраўкі” у Канстытуцыю, Канстытуцыйны суд краіны вынес 16 рашэнняў, якімі указы і распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі прызнаваліся неканстытуцыйнымі – гэтымі ўказамі адкрыта парушаліся правы і свабоды грамадзян. Акрамя таго, неканстуцыйным было прызнана распараджэнне Аляксандра Лукашэнкі, якім ён даручаў органам кіравння не выконваць рашэнне Канстытуцыйнага суда. Больш нашыя рашэнні нікога не цікавілі, а пазней Канстытуцыйны суд, у тым складзе, у якім ён працаваў, быў расфарміраваны.

Ёсць яшчэ адзін цікавы юрыдычны момант. Па ініцыятыве нашага складу Канстытуцыйнага суда ў Крымінальны Кодэкс быў уведзены артыкул, які прадугледжваў адказнасць за невыкананне рашэнняў Канстытуцыйнага суда, аднак ніхто да адказнасці па гэтым артыкуле прыцягнуты так і не быў…

— На ваш погляд, якая самая галоўная памылка была дапушчана пры прыняцці Канстытуцыі 1994-га года?

— Азіраючыся назад, скажу: нам нельга было ўводзіць прэзідэнцкі пост. Гэтая пасада не характэрна для беларусаў, не ўласціва нашаму менталітэту. Спакон вякоў рашэнні на нашай зямлі прымаліся калегіяльна, нельга было даваць магчымасці на тое, каб улада засяродзілася ў руках аднаго, хай нават і самага чыстага і светлага чалавека. Прэзідэнцкая ўлада заўсёды можа скончыцца дыктатурай, што мы і атрымалі ў Беларусі.

Канстытуцыя была – законаў не было

Валянцін Голубеў, у 1991-1995 гадах намеснік старшыні партыі БНФ, дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі:

— Калі б Вячаслаў Кебіч не захацеў стаць першым прэзідэнтам Беларусі, нам бы не даводзілася перапісваць Канстытуцыю, перарабляць тое, над чым мы працавалі тры папярэднія гады. Не ўдалося зрабіць усё дастаткова збалансавана. Канстытуцыя, якая была прынята 15 сакавіка 1994 года – гэта была Канстытуцыя парламенцкай дзяржавы з пасадай прэзідэнта. Не скажу, што ў той рэдакцыі прэзідэнт бы меў выключна намінальныя функцыі. Паводле той Канстытуцыі ён быў дастаткова моцнай фігурай, але не адзінай моцнай. Парламент выступаў стрымліваючым для гэтага фактарам. А Канстытуцыя, якая была прынята ў 1996-м – гэта Канстытуцыя прэзідэнцкай рэспублікі. Гэта абсалютна розныя па сваёй сутнасці дакументы.

Валянцін Голубеў, фота history.by
Валянцін Голубеў, фота history.by

— Валянцін Фёдаравіч, на вашую думку, частае “перапісванне” Канстытуцыі (а 24 гады – зусім мала ў гістарычным кантэксце) — гэта нармальна?

Ідзе працэс пабудовы незалежнай дзяржавы. Гэта даволі складаны працэс. Адразу нельга напісаць ідэальную Канстытуцыю. Я вам скажу, нават тыя аўтарытарныя метады кіравання, якія прымяняліся ў некаторых выпадках, напрыклад, у барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, паказалі свае плюсы. І тое, што ў Беларусі не аказалася раскрадзена эканоміка, як гэта адбылося ў Расіі, таксама пэўны плюс аўтарытарнага кіравання. Але ўсяму свой час і, магчыма, зараз Беларусь дайшла да такой ступені ў сваім развіцці, калі на заканадаўчым узроўні трэба пашыраць ролю парламента і ладзіць больш свабодныя і адкрытыя выбары.

Праблема Канстытуцыі 1994 года заключаецца ў тым, што пры ўсёй яе дэмакратычнасці не былі прыняты законы, якія б забяспечылі яе бездакорнае выкананне.

Дзень Канстытуцыі. "Нам нельга было ўводзіць прэзідэнцкі пост…"
Публікацыі таго часу
Публікацыі таго часу
Публікацыі таго часу
Публікацыі таго часу
Публікацыі таго часу
Публікацыі таго часу
Публікацыі таго часу
Дзень Канстытуцыі. "Нам нельга было ўводзіць прэзідэнцкі пост…"
Публікацыі таго часу