Напярэдадні паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі распаўсюджвалася выданне “Мужыцкая праўда”, якое лічыцца першай нелегальнай беларускай газетай, якая ляжыць “у падмурку ўсёй далейшай беларускай дэмакратычнай прэсы”. Сярод яе аўтараў Канстанцін Каліноўскі (ён жа рэдактар), Валерый Урублеўскі і Фелікс Ражанскі, Францішак Юндзіл і шэраг іншых асобаў. Усяго пабачыла свет сем нумароў выдання, шэсць з якіх у чэрвені-снежні 1862 года, а сёмы – у чэрвені 1863 года. Аднак, як сведчаць новыя знаходкі, быў як мінімум адзін варыянт тэксту аднаго з нумароў, які так і не быў выдадзены. Але яго змест уяўляе вялікую цікавасць, бо адказвае тым, каму аўтары “Мужыцкай праўды” яе адрасавалі “хто вы такія, як называецца гэта зямля, на якой нашыя бацькі жылі, на якой мы жывемо і нашыя дзеткі жыці будуць”.

Канстанцін Каліноўскі. Фотаздымак Ахіла Банольдзі
Канстанцін Каліноўскі. Фотаздымак Ахіла Банольдзі

У 1989 годзе ў Вільні ў касцёле Святога Францыска Асізскага, больш вядомым як Бернардынскі, быў знойдзены рукапісны дакумент пад назваю “№6 Мужыцкая праўда”. Яго змест цалкам адрозніваецца ад надрукаванага нумару газеты, які з’явіўся ў снежні 1862 года, і быў прысвечаны светапогляду селяніна і ўніяцкай веры.

Гэты варыянт з’яўляецца ўнікальным і вылучаецца з усяе серыі. Ён паўстаў падчас канфлікту Вільні і Варшавы ў пытанні кіраўніцтва паўстаннем у Беларусі і Літве. Польскі Цэнтральны нацыянальны камітэт імкнуўся цалкам падпарадкаваць паўстанцкую арганізацыю ў так званым “Паўночна-Заходнім краі” Расійскай імперыі, на чале якой у гэты час стаў Кастусь Каліноўскі. Канфлікт ледзь не перарос да поўнага разрыву адносінаў. Падчас планавання далейшых крокаў у новаствораным Літоўскім правінцыяльным камітэце (ЛПК) і з’явіўся гэты нумар “Мужыцкай праўды”, датаваны па старым стылі 12 кастрычніка 1862 года і змацаваны пячаткай арганізацыі ў выглядзе поціску рук з надпісам “Адвага/Развага”. Але пасля аднаўлення ў лістападзе 1862 года перамоваў з варшаўскім цэнтрам паўстання, нумар так і не з’явіўся. Магчыма, аўтары палічылі яго заўчасным ці з’явіліся іншыя перашкоды. У любым выпадку, у такой форме ў публіцыстыцы Канстанціна Каліноўскага паняцці “літоўцы” і “літоўская зямля” падчас паўстання не гучаць. А ў “Лістах з-пад шыбеніцы” іх месца занялі “мужыкі Беларусы”.

Надрукаваны нумар 6 Мужыцкай праўды
Надрукаваны нумар 6 Мужыцкай праўды

Ніжэй змяшчаем поўны тэкст ненадрукаванага нумару “Мужыцкай праўды”

“Вы, Дзецюкі, пэўне, не ведаеце, хто вы такія, як называецца гэта зямля на якой нашыя бацькі жылі, на якой мы жывемо і нашыя дзеткі жыці будуць, – што з ею чаўплося з даўніх лет, якім гэта способом маскаль пад сябе загарнуў і для чаго то ён нас да гэтае пары яшчэ трымае. Каб кажен з нас не быў як быдла, што нічого не знае, а ведаў усё тое, што чэлавек вольны ведаць павінен, – я пішу гэто пісьмо – вы, Дзецюкі, адно з увагаю мене паслухайце.

Старонка 1 рукапіснага тэксту ненадрукаванага нумару Мужыцкай праўды
Старонка 1 рукапіснага тэксту ненадрукаванага нумару Мужыцкай праўды

Зямля наша з вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся Літоўцы. Калісь то і нашыя бацькі імелі сваіх казалак, што адвагу іх на вайне, а справядлівасць у судзе на цэлы свет зналі. Дла таго то Палякі, што то жывуць каля Варшавы нашага Караля выбралі і сваім Каралём, з гэтае пары, Дзецюкі, мы прысягнулі на век вякоў жыці з Палякамі, разам на вайну хадзіці, меці адзін ронд, адну вечу і як шэрока зямля наша адну вольну для ўсіх.

Но не думайце каб усе гэтага хацелі, было і меж намі шмат, а найбольш з вялікага панскага роду, што ім вольнасць такая вельмі калола вочы; для таго то яны шукалі только спосабу як скруціці вольнасць і самім адно з яе карыставаць. Но проціў грамады не маглі нічога зрабіці.

І было бы добрэ у нашом краю. Но на нашае безгалоўе ў суседзцтве з намі жыў маскоўскі Цар. У яго, Дзецюкі, з роду не было ніякой вольнасці, ніхто нават не быў жыцця пэўны.

Для таго то Цар маскоўскі вельмі збаяўся, каб народ яго угледзеўшы нашу вольнасць не стаў бунтавацца і не выгнаў Цароў сваіх

За усе головы. Пачаў ён для таго з намі ваяваці, но ніяк не мог нас абдужаці, і якое бы ён не прысылаў войска, мы заўсюды яго выганялі.

Тагды Цар маскоўскі не могучы нас вайною пабіці, выдумаў другі спосаб: стаў (напісана замест закрэсленага слова “пачаў”) ён з гыцлямі, што адно чыхалі на нашу вольнасць шахраваці, і яны яму здрадаю Польш аддалі, а Цар за тое запісаўшы нас у сказкі і ў паньшчыну пазволіў кажнаму абдзіраці і сам стаў глуміці.

Старонка 2 рукапіснага тэксту ненадрукаванага нумару Мужыцкай праўды
Старонка 2 рукапіснага тэксту ненадрукаванага нумару Мужыцкай праўды

Думаў Цар, што ніхто яму не перашкодзіць усіх цеменжыць. Но не так Бог судзіў. У 31 року маладзёж да і мястэчковыя лепей знаючы якая то несправядлівасць на свеце, як адні другіх цеменжаць, а усему гэтаму найбольш вінен Маскаль, згаварыўшыся да і збунтаваліся. – Кепска было бы ўжэ з Маскалём, каб усенкі народ пачаў быў бунтаваці, но за тое ў нас, Дзецюкі, мужык ужэ даўно меў бы свій кусок зямлі і было бы шчасце і была бы справядлівая вольнасць. Но не так зрабілася як хацелі тыя што дабро думалі. Мужыкі не ведалі за што збунтоваліся местачковыя, да і маладзеж і для таго не пашлі да паўстання, а гыцлі (напісана над закрэсленым словам “Паны”). з вялікага панскага роду захацеўшы ронд у свае рукі не думалі а вольнасці для цэлага народу, а якбы замім адно з яе карыставаць, – для таго, Дзецюкі, Бог, што судзіць справядліва, сказаў нас усіх: мужыкоў за тое, што яны нічога не ведалі, маладзёж і местачковых за тое, што яны аддалі ронд у панскія рукі, а паноў за тое, што яны не па справядлівасці зрабіці хацелі, –  Маскаль што адно жыве нашаю крыўдаю, зноў нас запрог усіх у няволу, а лепшым Панам забраў іх маёнткі і калі каторы не ўцёк да Пранцуза, то яшчэ ў Сібір яго загнаў.

Старонка 3 рукапіснага тэксту ненадрукаванага нумару Мужыцкай праўды
Старонка 3 рукапіснага тэксту ненадрукаванага нумару Мужыцкай праўды

Напісаў я гэта пісьмо для таго, каб усе ведалі як рабіці трэба і скуль дабра, справядлівасці. Адзываюся я да Вас, местачкоўвыя і Маладзёж, і прасіці Вас буду, калі збунтуецеся, то не аддавайце ў рукі паноў ніякага ронду, – мы адно Вам будзем верыці, а то для таго, што адно вы самі гатовы жыце свае аддаці за нашу вольнасць.

Дзецюкі, братцы мае мужыцкага роду, а ты чые з нас уже той час, калі мы на векі застанемся з маскоўскім здзерствам, а вольнасць справядлівая будзе наградаю за нашу працу, за нашу кроў, што пральецца, выганяючы маскоўскую шараньчу!

Правінцыяльны Літоўскі Камітэт дазваляе друкаванне з умоваю нязмены і вяртання арыгіналу.

Вільня, д. 12 кастрычніка 1862 г.

Тэкст “Мужыцкай праўды” прыводзіцца паводле: Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. Гродна, 2018.