Фота: TUT.BY
Фота: TUT.BY

Камень з шыльдай быў усталяваны яшчэ 7 сакавіка, афіцыйнае адкрыццё прайшло 13-га. Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў казаў пра братоў Луцкевічаў як пра айцоў беларускай дзяржаўнасці, заснавальнікаў газет «Наша доля» і «Наша ніва», беларускага школьніцтва.

Іван і Антон Луцкевічы ўваходзілі ў першую Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, Антон Луцкевіч быў адным з ініцыятараў Трэцяй Устаўной граматы БНР ад 25 сакавіка 1918 году.

Памятны знак быў адкрыты менавіта ў Купалаўскім парку невыпадкова: да Другой сусветнай вайны тут праходзіла Садовая вуліца, на якой браты жылі разам з маці з 1896 да 1906 года. Камень з шыльдай усталяваны недалёка ад музея Янкі Купалы, на адной з галоўных алей парка. Супрацоўніцы музея, якія прысутнічалі на адкрыцці, паведамілі, што вельмі радыя такому змяшчэнню мемарыяльнага знака, бо Луцкевічы былі сябрамі і суседзямі Янкі Купалы.

Аўтары памятнага знака – архітэктар Юрый Градаў (працаваў над мемарыяльным комплексам у Хатыні) і скульптар Канстанцін Селіханаў (унук Сяргея Селіханава, стваральніка манумента “Няскораны чалавек” у Хатыні і манумента перамогі на Круглай плошчы ў Мінску). Юрый Градаў на адкрыцці казаў пра тое, што буйную тэму не абавязкова раскрываць гучна. Стваральнікі шыльды ставілі задачу зрабіць яе хутка і сціпла. Узялі архіўнае фота дома Луцкевічаў і ўвасобілі выяву ў выглядзе рэльефа. Адмыслова пакінулі камень, да якога прымацаваная шыльда, неапрацаваным, матавым. Зрабілі на ім прыступку, як сімвалічны парог ля хаты, на які можна пакласці кветкі, пасядзець. Пакуль што камень проста пастаўлены кранам на зямлю, не было магчымасці заліць падмурак. Памятны знак будзе канчаткова ўмураваны троху пазней, калі дазволіць надворʼе.

На адкрыцці прысутнічалі шмат вядомых беларускіх палітыкаў, многія прыйшлі з кветкамі. Пасля ўрачыстых прамоў адбылося іх ускладанне. Цяпер камень з памятнай шыльдай упрыгожваюць букеты ў бел-чырвона-белай гаме.