Фото с сайта Ntv.ru
Фото с сайта Ntv.ru

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай парты Анатоль Лябедзька схадзіў у Мінгарвыканкам, дзе сустрэўся с прадстаўнікамі Галоўнага упраўлення ўнутраных спраў. Падчас сустрэчы з міліцыянтамі палітык абмяркоўваў пытанні бяспекі на канцэрце ў гонар стагоддзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пра вынікі перамоў Анатоль Лябедзька распавёў карэспандэнту “Народнай Волі”.

— Сустрэча прайшла ў спакойным і працоўным рэчышчы, — расказвае спадар Анатоль. – Ідзе падрыхтоўка да мерапрыемства, і нам важна, каб свята прайшло спакойна і без эксцэсаў. Таму тут важная кожная драбяза. На сустрэчы ў Мінгарвыканкаме мы абмяркоўвалі дэталі. Напрыклад, колькі уваходаў будзе на пляцоўку да Опернага тэатра, дзе будуць знаходзіцца біятуалеты, як будзе абсталявана сцэна. Больш таго, у бліжэйшую пятніцу мы, разам з прадстаўнікамі ГУУС Мінгарвыканкама, разам “выйдзем у поле” – сустрэнемся на месцы будучага мерапрыемства, дзе абмяркуем усё больш дэтальна. Плануецца, што па перыметры плошчы каля Опернага тэатра будуць усталяваны спецыяльныя рамкі для праходу ўдзельнікаў мерапрыемства. Міліцыянеры паабяцалі нам, што дагляд будзе адбывацца такім жа чынам, як гэта робіцца на мінскіх канцэртах ля Ратушы – пільна, але без фанатызму.

Апроч міліцыі, канцэрт на Дзень Волі будзе ахоўваць і наша грамадзянская дружына. Колькасць нашых прадстаўнікоў аховы парадку таксама ўзгадняецца з міліцыяй.

Акрамя таго, абмяркоўвалася пытанне аб магчымым перакрыцці прылеглых да Опернага тэатра вуліц – гэта ў тым выпадку, калі на свята прыйдзе значна больш людзей, чым можа ўмясціць адведзенная для гэтага плошча.

— Ці ўздымалася пытанне пра тое, што ў гэты ж дзень на плошчы Якуба Коласа Мікалай Статкевіч плануе ладзіць шэсце да Опернага тэатра? Як гэта можа адбіцца на дзеяннях міліцыі?

— Мы нясем адказнасць толькі за падрыхтоўку канцэрта ля Опернага. На сустрэчы ў Мінгарвыканкаме абмяркоўвалася пытанне шэсця. Але не таго, пра якое сказалі вы. Зараз я кажу пра шэсце ад парка Янкі Купалы да Опернага тэатра. На сустрэчы ў Мінгарвыканкаме мы яшчэ раз акцэнтавалі ўвагу на тым, што шэсце ў гэты дзень патрэбнае. Нагадавалася і пра тое, што заяўка на шэсце па названым маршруце ўжо падазеная. Зараз яна разглядаецца. Не выключаю, што рашэнне па ёй можа быць прынята за пяць дзень да 25 сакавіка.

— Яшчэ адно важнае пытанне – пытанне сімволікі. Ці ёсць дазвол на выкарыстанне бел-чырвона белых сцягоў?

— Напішыце вялікімі літарамі – ТАКІ ДАЗВОЛ ЁСЦЬ. Біць і затрымліваць за бел-чырвона белыя сцгі не будуць. Гэтае пытанне яшчэ раз прагаворвалася. Асабіста я звярнуў увагу на тое, каб і пасля завяршэння акцый ніякіх брутальных дзеянняў у дачыненні да людзей, якія ідуць па горадзе з нацыянальнай сімволікай, з боку міліцыі не прымянялася. Таксма каб не патрапілі пад санкцыі ўладальнікі кавярняў і рэстаранаў, якія захочуць размясціць бел-чырвона-белыя сцягі ў вітрынах ці ўнтры сваіх устаноў.

Усе арганізацыйныя пытанні паступова абмяркоўваюцца, прагаворваюцца і вырашаюцца. Што тычыцца майго асабістага адчування: улады гатовы ісці на кантакт. З іх боку, здаецца, ёсць зацікаўленасць у тым, каб святкаванне стогадовага юбілея БНР прайшло годна.