Фота з сайта Права выбару 2018
Фота з сайта Права выбару 2018

11 сакавіка адбыўся XVIII з’езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады).Старшынём партыі стаў Ігар Барысаў.

Адметнасцю З’езду было тое, што заканчваўся тэрмін паўнамоцтваў старшыні партыі Ірыны Вештард, якая займала гэтую пасаду з сакавіка 2012 г. (а фактычна з 2011 г.). У адпаведнасці са Статутам Грамады пасля трох тэрмінаў (шасці гадоў) старшынёўства прэтэндаваць на пасаду кіраўніцы партыі І. Вештард больш не магла.

Прэзідыум і Цэнтральны Камітэт партыі рэкамендавалі З’езду абраць на пасаду старшыні БСДП Ігара Барысава, які з 2010 г. быў намеснікам старшыні, а з 2016 г. – першым намеснікам старшыні Грамады.

35-гадовы Ігар Барысаў уваходзіць у партыю з 2001 года,  з 2008 года — сябар ЦК БСДП, з 2009 г. адказны за партыйную працу ў Магілёўскай вобласці, сябар Прэзідыума БСДП. Інжынер-электрык і палітолаг па адукацыі, Ігар Барысаў працуе мэнэджарам у прыватнай фірме. З’яўляецца сябрам незадежнага прафсаюза РЭП, аўтар і рэдактар шэрагу партыйных выданняў.

Дэлегаты З’езду на пасаду старшыні таксама вылучылі кандыдатуры Алега Волчака і Ігара Маслоўскага, аднак абодва яны свае кандыдатуры знялі.

Таксама абіралі старшыню Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі. Кандыдатамі на гэтую пасаду былі вылучаны старшыня ЦРК з 2016 г. Анатоль Сідарэвіч і былы старшыня Камісіі Вячаслаў Болбат.Старшынём Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі зноў абраны Анатоль Сідарэвіч.

На пасаду першага намесніка старшыні БСДП Прэзідыум і Цэнтральны Камітэт партыі рэкамендавалі кандыдатуру Аляксея Сігаева, які да гэтага займаў пасаду намесніка старшыні Грамады. У бюлетэнь для таемнага галасавання была ўключана таксама кандыдатура  Алега Яхімовіча з Маладзечна. Большасць дэлегатаў абрала першым намеснікам старшыні БСДП Аляксея Сігаева.

Па рэкамендацыі Цэнтральнага Камітэта БСДП З’езд вырашыў абраць на пасады намеснікаў старшыні партыі трох чалавек. У бюлетэнь для таемнага галасавання былі ўключаныя кандыдатуры Ірыны Вештард, Алега Волчака і Ганны Канюс, якіх рэкамендавалі Прэзідыум і Цэнтральны Камітэт. Апрача гэтых трох, кандыдатамі на пасады намеснікаў дэлегатамі былі вылучаны таксама старшыня Мінскай абласной партыйнай арганізацы і Аляксандр Абрамовіч і намеснік старшыні Грамады з 2016 г. Леанід Дубаносаў.

У выніку таемнага галасавання намеснікамі старшыні БСДП абраны Ірына Вештард, Алег Волчак і Ганна Канюс.