Другая Устаўная грамата: ад краёвай улады да ўласнай дзяржаўнасці

179
100 год БНР, выява svaboda.org
100 год БНР, выява svaboda.org

Падпісанне Брэсцкага міру

3 сакавіка 1918 года, праз няпоўныя два тыдні пасля абвяшчэння Выканкамам Рады Усебеларускага з’езда Першай Устаўной граматы да народаў Беларусі, у Брэсце была падпісана мірная дамова паміж бальшавіцкай Расіяй і кайзераўскай Германіяй. Заключэнне такой дамовы, аднак, адбылося не ў тым выглядзе, як ад пачатку планавалі бальшавікі. У кіраўніцтве ленінскай партыі ўвесь час адбываліся жорсткія дэбаты наконт таго, якімі тэрыторыямі можна заплаціць Германіі за мір ва ўмовах адсутнасці ў савецкай Расіі баяздольнай арміі. Ленін, які ўступіў у зацятую спрэчку з Львом Троцкім, Мікалаем Бухарыным, Майсеем Урыцкім, Феліксам Дзяржынскім, Рыгорам Апокавым-Ломавым і іншымі членамі бальшавіцкага ЦК, а таксама з левымі эсэрамі, паставіў ультыматум: мір з Германіяй павінен быць заключаны на любых умовах! У выніку тэкст падпісанай у Брэсце дамовы змяшчаў наступныя палажэнні:

  • бальшавіцкая Расія адмаўлялася ад прэтэнзій на ўладу ў Польшчы, Літве і Курляндыі: будучы статус гэтых тэрыторый павінен быў рэгулявацца Германіяй па ўзгадненні з мясцовымі народамі згодна з іх правам на самавызначэнне; – Эстляндыя і Ліфляндыя, а таксама амаль уся тэрыторыя Беларусі (на захад ад Дняпра) заставаліся пад кантролем нямецкіх войскаў;
  • Украіна і Фінляндыя прызнаваліся ў якасці незалежных дзяржаў; дзяржавы нямецка-fўстрыйскага блока (Цэнтральныя дзяржавы) адмаўляліся ад анексій і кантрыбуцый;
  • Расія губляла 26% ранейшай еўрапейскай тэрыторыі, 27% ворнай зямлі, 26% чыгуначнай сеткі, 33% тэкстыльнай, 73% металургічнай прамысловасці, 73% вугальных шахтаў;
  • народы былых ускраін Расійскай імперыі мянялі расійскую ўладу на пратэктарат з боку Цэнтральных дзяржаў.

Усе тэрыторыі, ад прэтэнзій на якія адмовіўся расійскі бальшавіцкі ўрад пасля падпісання вышэйзгаданай дамовы, агулам складалі 1,42 млн км², на якіх жыло на той час каля 60 млн чалавек – больш як 1/3 ад агульнай колькасці насельніцтва былой Расійскай імперыі.

Такім чынам ленінскі ўрад прызнаваў страту дзяржаўнай сувязі Расіі з вялікай часткай Беларусі, і вышэйзгаданаму Выканкаму Рады Усебеларускага з’езда не заставалася нічога іншага, як зафіксаваць такое прызнанне. Але зрабіць гэта было псіхалагічна няпроста. Па-першае, у Выканкаме Рады вялікую колькасць (хоць ужо і не большасць) галасоў мелі тыя, хто не ўяўляў сабе будучыні Беларусі па-за Расіяй. Па-другое, беларускія незалежніцкія сілы доўга не маглі пагадзіцца са стратай вялікіх тэрыторый ва Усходняй і Цэнтральнай Беларусі, якія маглі ў перспектыве зноў трапіць пад бальшавіцкую ўладу. Па-трэцяе, значныя часткі сённяшняй паўднёвай Брэстчыны і паўднёвай Гомельшчыны павінны былі перайсці пад уладу Украінскай Народнай Рэспублікі. Даўнія хаўруснікі Леніна – кайзераўскія палітыкі – узялі на сябе ў Брэсце абавязацельства не прызнаваць ніякіх новых дзяржаў, якія захацелі б на тэрыторыі былой Расійскай імперыі пасля падпісання Брэсцкай дамовы абвясціць сваю незалежнасць, што выклікала асаблівую радасць Леніна і Троцкага.

Белы палац у Брэсцкай крэпасці, дзе быў падпісаны "Брэсцкі мір". Выява з wikimapia.org
“Белы палац” у Брэсцкай крэпасці, дзе быў падпісаны “Брэсцкі мір”. Выява з wikimapia.org

Велізарная несправядлівасць, якую падрыхтавалі беларусам бальшавікі, кайзераўцы і ўкраінскія незалежнікі, на гэтым не заканчвалася: абвешчаная ў лютым 1918 г. незалежнасць Літоўскай Рэспублікі магла прывесці да таго, што ўся астатняя тэрыторыя нашай краіны магла перайсці пад уладу апошняй. Беларусы ў такім выпадку заставаліся без аніякіх шанцаў на сваю дзяржаўную будучыню!

Усё гэта моцна актывізавала дзейнасць Народнага сакратарыята і Выканкама Рады Усебеларускага з’езда, нават самых актыўных яе руска-, нямецка-, украінска- або літоўскацэнтрычных сяброў. У выніку 9 сакавіка 1918 г. была прынята Другая Устаўная грамата, скіраваная да ўсіх нацыянальнасцяў, што насялялі Беларусь.

Беларуская Народная Рэспубліка і яе першая “канстытуцыя”

У гэтай грамаце нарэшце абвяшчалася, што Беларусь павінна стаць сапраўдным дзяржаўным утварэннем у выглядзе Беларускай Народнай Рэспублікі. У васьміпунктавым дакуменце зноў фармуляваліся прынцыпы дэмакратычных выбараў Усебеларускага Устаноўчага сходу, але тэрыторыя дзяржавы вызначалася вельмі агульным чынам: “у рубяжох рассялення і лічэбнай перавагі беларускага народа”.

Другая Устаўная грамата
Другая Устаўная грамата

Другую Устаўную грамату варта разглядаць як своеасаблівую малую канстытуцыю дзяржавы, што пачынала стварацца.

Да часу завяршэння першага пасяджэння Устаноўчага сходу ўладу на беларускіх тэрыторыях павінна была ажыццяўляць Рада Усебеларускага з’езда, дадаткова папоўненая прадстаўнікамі арганізацый нацыянальных меншасцяў. Народны сакратарыят вызначаўся як орган адміністрацыйнай і выканаўчай улады, падсправаздачны вышэйназванай Радзе.

У межах БНР абвяшчалася свабода слова, друку, сходаў, аб’яднанняў; “безумоўная вольнасць сумлення, незачэпнасць асобы і памешкання”.

У Другой Устаўной грамаце таксама гарантавалася права ўсіх народаў на нацыянальна-персанальную аўтаномію, абвяшчалася роўнасць усіх моў народаў Беларусі (нагадваю, што ў той час другой па распаўсюджанасці ў нашай краіне была яўрэйская мова – ідыш; значная частка пастаяннага насельніцтва карысталася таксама польскай, рускай і ўкраінскай мовамі).

Працоўным Беларусі гарантавалася безумоўнае права на васьмігадзінны рабочы дзень.

Ідучы насустрач папулісцкім уяўленням сацыялістаў і эсэраў, якія колькасна дамінавалі ў складзе Рады Усебеларускага з’езда, аўтары Другой Устаўной граматы ўключылі ў яе тэкст палажэнне аб скасаванні прыватнай уласнасці на зямлю: “Зямля перадаецца без выкупу тым, хто сам на ёй працуе. Лясы, азёры і нетры зямлі абвяшчаюцца ўласнасцю Беларускай Народнай Рэспублікі”.

18 сакавіка 1918 г. прадстаўнік Рады Усебеларускага з’езда Аляксандр Цвікевіч выступіў перад дэпутатамі яшчэ дэмакратычна абранай Мінскай (Менскай) гарадской думы і звярнуўся да іх з просьбай аб падтрымцы БНР. Пасля дэбатаў прапанова Цвікевіча была прынята, хоць некаторыя дэпутаты агаворвалі, што падтрымалі Беларускую Народную Рэспубліку выключна з прычыны асаблівасцяў палітычнай сітуацыі, якая ўзнікла ў выніку падпісання Брэсцкай дамовы. Утварэнне БНР падтрымаў таксама прадстаўнік уплывовай польскай фракцыі ў Мінскай думе Канстанты Дэмідэцкі-Дэмідовіч, падкрэсліўшы, што “палякі заўсёды прызнавалі беларускі народ гаспадаром сваёй краіны”. Паводле вынікаў пасяджэння дзесяць прадстаўнікоў Мінскай гарадской думы ўвайшлі ў склад Рады Усебеларускага з’езда. Гэты орган у той жа дзень папоўніўся паўнамоцнымі прадстаўнікамі Віленскай Беларускай Рады (ВБР), сярод якіх былі вядомыя дзеячы беларускага адраджэння браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, а таксама Янка Туркевіч, Дамінік Сямашка і іншыя.

Тады ж Рада Усебеларускага з’езда была перайменавана ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, якой і было наканавана прымаць далейшыя гістарычныя рашэнні…


Няма запісаў для адлюстравання