Быцень, Базыліянская саборная царква. Графічная рэкнструкцыя, 3D-мадэль і фотаапрцоўка — А. Невар
Быцень, Базыліянская саборная царква. Графічная рэкнструкцыя, 3D-мадэль і фотаапрцоўка — А. Невар

За апошнія некалькі дзесяцігоддзяў Беларусь страціла многія гісторыка-культурныя каштоўнасці. “Народная Воля” паразмаўляла з тым, хто працуе над іх рэканструкцыяй — прынамсі, графічнай. Праект «Страчаная спадчына. Хрысцiянскiя святынi» архітэктар Аляксандр Невар распачаў у 2015 годзе. Ён рэканструіруе помнікі эпох пры дапамозе 3D-мадэлявання і фотамантажу. За тры гады Невар паспеў апрацаваць 48 аб’ектаў.

— Iдэя фотамантажу праектуемых аб’ектаў у сучасным асяроддзi не новая, тым больш што гэтым даводзiцца займацца па спецыяльнасцi (я архiтэктар па адукацыi), — распавёў Аляксандр Невар. — Ды i ў апошнi час з’яўляецца шмат праектаў-фотапараўнанняў знiклых гiстарычных будынкаў у сучасным асяроддзi ў розных кутках Беларусi (Мiнск, Горадня, Вiцебск i iнш). Тры гады таму i ў мяне ўзнiкла iдэя ажыццявiць нерэалiзаваную дагэтуль мару — вiртуальна аднавiць сiмвал страчанай спадчыны свайго роднага горада пiнскi касцёл Святога Станiслава. Маштабы касцёла і калегіўма езуiтаў (апошнi захаваўся да нашага часу), іх строгая і велічная архітэктура рабiлi гэты комплекс галоўным не толькі на плошчы, але і ва ўсім горадзе, ён з’яўляўся своеасаблівым фокусам радыяльна сфармаваных вулачак горада, замацоўваў сістэму гістарычнай планіроўкі цэнтра горада. Пiнскi касцёл Святога Станiслава i стаў першай ластаўкай ў гэтым аўтарскiм праекце графiчных рэканструкцый, якi з цягам часу ахоплiвае ўсё больш рэгiёнаў. Геаграфічныя межы працы пакуль вызначаюцца межамi сучаснай тэрыторыі Беларусі.

Пiнск. Выява былога езуiцкага касцёла Св. Станiслава пасля другой сусветнай вайны. 1948г.
Пiнск. Выява былога езуiцкага касцёла Св. Станiслава пасля другой сусветнай вайны. 1948г. Крыніца l1000.livejournal.com/364735.html
Пiнск. Графiчная рэканструкцыя касцёла св. Станiслава былога комплексу калегii езуiтаў. 3D мадэль, фотамантаж - А.Невар 2015г.
Пiнск. Графiчная рэканструкцыя касцёла Cв. Станiслава былога комплексу калегii езуiтаў. 3D мадэль, фотамантаж — А.Невар 2015г.

— Для чаго з’явіўся праект?

— Дзеля сістэматызацыі і абагульнення наяўных разрозненых дадзеных, графiчных ілюстрацыйных матэрыялаў па культавым дойлідстве Беларусі, дзеля вiртуальнага аднаўлення страчанай спадчыны i вывучэння тыпалогіі помнікаў культавага дойлідства, спецыфікi развіцця нацыянальнай культуры Беларусі. Гэта спадчына магла б быць вiзiтнай карткай краiны, прываблiваць турыстаў адметнай i своеасаблiвай для гэтага рэгiёну планеты архiтэктурай i культурай. А так — выпаленае поле, пустэча, якая параджае думкi пра атсутнасць у нас сваёй гiсторыi, традыцый, пераемнасці. Магчыма, вiртуальна аднаўлёныя помнiкi архiтэктуры неяк паўплываюць на цiкавасць да вывучэння сваёй гiсторыi. Даследванне помнiкаў архiтэктуры, як захаваных, так і вядомых па графічных крыніцах i вiртуальна адноўленых на падставе архiўных дадзеных, таксама дазваляе раскрыць складаныя хітраспляценні культурных уплываў і захавання этна-нацыянальных каранёў, ролю традыцый ў сістэме агульнаеўрапейскага працэсу змены мастацкіх стыляў.

Бяроза, кляштар картузіянцаў. Графічная рэканструкцыя
Бяроза, кляштар картузіянцаў. Графічная рэканструкцыя

Калі знаходзіце час займацца гэтым? Хтосьці дапамагае?

Мадэляванне i вiзуалiзацыю раблю ў вольны час, а вось сфатаграфаваць на месцы i наведаць усе вiзуалiзаваныя аб’екты пакуль не атрымлiваецца. У гэтым выпадку «ажывiць» выявы i зрабiць фота патрэбных ракурсаў з месца дапамагаюць сябры, знаёмыя i нават незнаёмыя з розных куткоў Беларусi, за што я iм бязмежна ўдзячны. Таксама пры інфармацыйнай i тэхнiчнай падтрымцы history-belarus.by усе вiзуалiзаваныя на сёняшнi дзень аб’екты сабраны на адной пляцоўцы, дзе больш шырокай аудыторыi прадстаўлена магчымасць азнаёмiцца са спецыфікай развіцця культавага дойлідства на прыкладах кляштарнага будаўніцтва на тэрыторыi сучаснай Беларусі ў часы Вялiкага княства Лiтоўскага, пазней Рэчы Паспалiтай i нават Расейскай Iмперыi.

Гiпатэтычная графiчная рэканструкцыя былога фарнага касцёла (фара Вiтаўта) на перыяд пачатку XVIIст. (першапачатковы выгляд мураванай святынi да пазнейшых перабудоў) 3D-мадэль, фотамантаж by А.Невар, арыгiнальныя здымкi А. Серада - 2015г.
Графiчная рэканструкцыя былога Фарнага касцёла (Фара Вiтаўта) на перыяд пачатку XVIIст. (першапачатковы выгляд мураванай святынi да пазнейшых перабудоў) 3D-мадэль, фотамантаж by А.Невар, арыгiнальныя здымкi А. Серада — 2015г.

— Якімі сродкамі карыстаецеся? Дзе знаходзіце неабходную інфармацыю?

Ключавымі працамі па культавым дойлідстве на тэрыторыi Беларусі, значная частка помнікаў якога ўваходзіла ў склад кляштарных ансамбляў i якiя з’яўляюцца працягам даследаванняў А. Квiтнiцкай: манаграфii, навуковыя даследваннi i публiкацыi А. М. Кулагіна, Т. В. Габрусь, I. М. Слюньковай, А. М. Кушнярэвiча, Ю. А. Якiмовiча, С. Адамовiч, Ул. Трацэўскага, Т. І. Чарняўскай, А. Яроменкi, В. Кудрашова, I. Б. Лаўроўскай — ансамблi i асобныя культавыя пабудовы, Ю. А. Чантурыя, М. А. Ткачова (кнігі і навуковыя публікацыі па гісторыі архітэктурна-планіровачнага развіцця асобных гарадоў, вывучэнне i апiсанне градафармiруючай ролі помнікаў манастырскага дойлідства ў сістэме паселішчаў).

Асабліва каштоўныя графічныя матэрыялы па згубленых помніках — гэта калекцыя фотаздымкаў канца XIX — пачатку XX ст., апiсаннi i фатаграфiчны матэрыял Кс. Язафата Жыскара, Яна Булгака, Яна Балзункевiча i iнш. Архiўны графiчны матэрыял, выкарыстаны i ўведзены ў навуковы зварот у манаграфiях i публiкацыях даследчыкаў — з фондаў Расейскага дзяржаўнага Гiстарычнага архiва (РГИА), архіва ВМФ Расеі, Расейскага дзяржаўнага архiва старажытных актаў (РГАДА), Расейскага дзяржаўнага ваенна-гiстарычнага архiва (РГВИА), Цэнтральнага гiстарычнага архiва Рэспублікі Беларусь, рукапісных аддзелаў Віленскага дзяржаўнага Універсітэта і Бібліятэкі Акадэміі навук Летувы, НГАБ у Горадні i iнш.

Кiмбараўка (Мазыр). Графiчная рэканструкцыя касцёла былога кляштара цыстэрцыянцаў на перыяд пачатку XX стагоддзя. 3D-мадэль, фотамантаж by А. Невар, 2016г.
Кiмбараўка (Мазыр). Графiчная рэканструкцыя касцёла былога кляштара цыстэрцыянцаў на перыяд пачатку XX стагоддзя. 3D-мадэль, фотамантаж by А. Невар, 2016г.
Страчаная спадчына: як аматар аднаўляе ў 3D зніклую архітэктуру Беларусі
Кiмбараўка (Мазыр). Сучасны выгляд касцёла былога кляштара цыстэрцыянцаў. Крыніца mozyrxxvek.blogspot,com.by