Збітага на выбарчым участку журналіста Андрэя Козела аштрафавалі

163
Фото: TUT.BY
Фото: TUT.BY

Журналіста “Белсата” Андрэя Козела, які быў збіты 18 лютага на выбарчым участку №27 падчас падліку галасоў, аштрафавалі на 735 рублёў за “непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі”, паведамляе baj.by

Нагадаем, што інцыдэнт адбыўся 18 лютага, пасля мясцовых выбараў, на адным з участкаў у Мінску, дзе журналіст прысутнічаў у якасці даверанай асобы кандыдата Мікалая Казлова і вёў відэатрансляцыю падліку галасоў на сваю старонку ў Facebook.

— Старшыня камісіі запатрабавала пакінуць участак, але я працягваў, бо назіраць і здымаць падлік галасоў не забаронена заканадаўствам. Тады супрацоўнікі міліцыі выцягнулі мяне сілай, маёй галавой разбілі шкляныя дзверы ўчастка і працягвалі збіваць у калідоры, — расказаў Андрэй Козел.

На наступны дзень у судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачалося разбіральніцтва; журналіста абвінавачвалі ў супрацоўнікам міліцыі (23.4 КаАП Беларусі). На першым слухнні міліцыянт Уладзіслаў Бушынскі заявіў, што не ведае выбарчага заканадаўства і толькі выконваў патрабаванне старшыні выбарчай камісіі. Ён паўтарыў паказанні, якія даваў раней: паступіў у распараджэнне старшыні камісіі, спрабаваў вывесці журналіста з памяшкання, прымяніў сілу. Тады справу Андрэя Козела адправілі на дапрацоўку.

Сёння ў суд прыйшла намесніца старшыні выбарчай камісіі Таццяны Новікавай з участка, дзе затрымалі журналіста. Але яна сядзела ў зале падчас апытання Козела і не выступала ў якасці сведкі.

Суд паўторна апытаў супрацоўніка міліцыі Уладзіслава Бушынскага. Сёння ў судзе праглядзелі відэазапіс, які журналіст рабіў на выбарчым участку ў дзень галасавання. На відэа бачна, як міліцыянт патрабуе ад Козела спыніць запіс і прыбраць тэлефон. Козел некалькі разоў просіць міліцыю прадставіцца і патлумачыць прычыну забароны. Праз вельмі кароткі час журналіста пачынаюць выводзіць з залы і запіс перарываецца.

Таксама суд апытаў Францішка Дзядова — яшчэ аднаго назіральніка, які быў на выбарчым участку: «Камісія хацела забараніць Козелу весці здымкі, але старшыня не прывяла ніякага ўцямнага заканадаўчага абгрунтавання. Пачаўся падлік галасоў. Я прапанаваў падлічваць галасы галосна і адкрыта, але ў гэтым адмовілі.

Я заўважыў два парушэнні з боку камісіі і напісаў дзве скаргі. Пакуль я пісаў скаргі, увага міліцыі пераключылася на Козела. Супрацоўнік міліцыі запатрабаваў, каб журналіст пакінуў памяшканне.

Пасля гэтага Козела ўзялі пад рукі і з заламанымі рукамі павялі на выхад. Пачуўся звон разбітага шкла.

Я хацеў зрабіць некалькі здымкаў на ўчастку, але старшыня камісіі папярэдзіла: «Будзеш ляжаць, як ён!»

Пасля даследавання пісьмовых матэрыялаў справы адвакат абароны Сяргей Зікрацкі падсумаваў доказы: «Відавочна, патрабаванні спыніць відэазапіс былі незаконнымі, бо Выбарчы кодэкс гэтага не забараняе. Адпаведна і патрабаванне пакінуць участак было незаконным. Дзеянні Козела былі абсалютна законнымі».

Суддзя Іван Касцян прызнаў журналіста Андрэя Козела вінаватым у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (23.4 КаАП Беларусі) і пакараў штрафам у 30 базавых велічыняў (735 рублёў).

Поделиться ссылкой: