Фота: un.org
Фота: un.org

Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў індывідуальную скаргу жыхара Гомеля Паўла Катаржэўскага і накіраваў яе беларускім уладам для каментара.

Малады чалавек у маі 2017 года быў аштрафаваны па рашэнні суда за рэпост інфармацыйнага матэрыялу на сваёй старонцы «УКантакце». Ён размясціў матэрыял з групы «Рэвалюцыйнае дзеянне», якая была ўключана ў спіс экстрэмісцкіх рэсурсаў. Але на момант рэпоста Катаржэўскі не ведаў пра тое, што матэрыял прызнаны экстрэмісцкім, тым больш у артыкуле гаворка ішла пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Не дапамагло маладому чалавеку і тое, што ён добраахвотна выдаліў гэту спасылку.

Вычарпаўшы ўнутраныя сродкі прававой абароны, Катаржэўскі звярнуўся ў Камітэт ААН па правах чалавека, бо лічыць, што рашэнне суда парушае яго права на свабоду выказвання меркавання. Скаргу ў міжнародную структуру яму дапамог скласці праваабаронца Леанід Судаленка.

Судаленка ў каментары БелаПАН адзначыў, што «такія судовыя рашэнні — наступ на свабоду выказвання меркаванняў праз атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі». Праваабаронца звяртае ўвагу, што экстрэмісцкай названая інфармацыя з заклікам паклапаціцца пра ветэранаў вайны па-сапраўднаму, а не дэкларатыўна.

«Праблема ў тым, што дзяржава не тлумачыць, чаму, кім, на якой падставе той ці іншы матэрыял названы экстрэмісцкім. У выніку людзей пераследуюць за выказванні толькі на той падставе, што тая ці іншая інфармацыя невядома кім прызнаная забароненай да распаўсюджвання. Скарга Катаржэўскага — першая, па выніках якой мы даведаемся, ці з’яўляюцца беларускія абмежаванні парушэннем права на выказванне меркавання», — пракаментаваў Судаленка.

Беларусь, нагадаем, з’яўляецца адзінай краінай у Еўропе, грамадзяне якой пазбаўленыя права на зварот у Еўрапейскі суд па правах чалавека. Адзіным механізмам абароны правоў на міжнародным узроўні з’яўляюцца камітэты ААН.

У 2017 годзе Камітэт ААН па правах чалавека прыняў да разгляду 16 скаргаў беларусаў, якія тычацца мірных сходаў (у тым ліку — акцый недармаедаў), свабоды выказвання меркаванняў і пераследу фрылансераў. Дзесяць з шаснаццаці скаргаў падрыхтаваў Судаленка.