Фото с сайта Блог ленивого инвестора
Фото с сайта Блог ленивого инвестора

На пачатак 2018 года 78,6% усёй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці, назапашанай у эканоміцы, прыйшлося на прадпрыемствы з дзяржаўным капіталам. Такія дадзеныя апублікаваныя ў бюлетэні аб асноўных паказчыках дзейнасці сектара дзяржаўных арганізацый, які падрыхтаваў Нацыянальны статыстычны камітэт.
На 1 студзеня 2018 года пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць прадпрыемстваў з дзяржкапіталам склала 5,55 млрд рублёў (па ўсёй эканоміцы — 7,06 млрд рублёў). У бюлетэні паведамляецца, што найбольшы аб’ём пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці ў прадпрыемстваў дзяржсектара сканцэнтраваны ў прамысловасці (3,33 млрд).

У бюлетэні таксама паведамляецца, што доля пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці ў агульнай суме дэбіторскай запазычанасці прадпрыемстваў з дзяржкапіталам на 1 студзеня 2018 года склала 27%. Найбольшая доля пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці сфарміравалася ў прадпрыемстваў з дзяржкапіталам у Магілёўскай вобласці (38,3%), а найменшая ў Мінску і Гомельскай вобласці — 25,2% і 21,7% адпаведна.

Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк у пачатку гэтага года паведаміў журналістам, што праблема пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці па-ранейшаму знаходзіцца «ў цэнтры ўвагі» пракуратуры.

Тэма пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці на вышэйшым дзяржаўным узроўні была паднятая ў верасні мінулага года. Тады Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з удзелам сілавых ведамстваў заявіў, што ўзровень пратэрмінаванай знешняй дэбіторскай запазычанасці беларускіх прадпрыемстваў з’яўляецца вельмі вялікім. «Мы сёння бярэм крэдыты пад пэўныя працэнты, а нямала соцень мільёнаў долараў боўтаецца за межамі краіны — неаплачаных за пастаўленыя тавары і паслугі», — канстатаваў Лукашэнка.

Неўзабаве пасля гэтага пад старшынствам Аляксандра Канюка адбылася нарада па пытаннях скарачэння знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці і вяртання валютнай выручкі ў краіну. Там было заяўлена, што адной з асноўных крыніц знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці з’яўляюцца ўласныя тавараправодныя сеткі дзяржпрадпрыемстваў.

Паводле звестак Генпракуратуры, беларускія прадпрыемствы, з’яўляючыся заснавальнікамі тавараправодных сетак, не прымалі неабходнага ўдзелу ў іх кіраванні і не забяспечылі належнага кантролю за іх фінансава-гаспадарчай дзейнасцю. Як высветліла пракуратура, прадукцыя прадпрыемстваў нярэдка пастаўлялася суб’ектам тавараправодных сетак для стварэння бачнасці выканання даведзеных паказчыкаў па разгрузцы складоў.