Фото с сайта Guruturizma.ru
Фото с сайта Guruturizma.ru

Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у Мілане (Італія) будзе закрытае. Гэта прадугледжанае пастановай Савета міністраў ад 26 лютага 2018 года № 162.

У адпаведнасці з дакументам, які набывае моц з дня афіцыйнага апублікавання, працэс закрыцця дыппрадстаўніцтва будзе доўжыцца да 1 ліпеня 2018 года.

Міністэрству замежных спраў даручана прыняць меры па закрыцці ўстановы.

Раней урадам было прынятае рашэнне аб закрыцці генеральнага консульства Беларусі ў польскім Гданьску (працэс ліквідацыі дыппрадстаўніцтва будзе доўжыцца да 30 верасня 2018 года).

У Алматы 1 сакавіка закрытае аддзяленне пасольства Беларусі ў Казахстане. Адпаведная пастанова Савета міністраў была падпісаная 30 студзеня 2018 года.

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей раней паведаміў, што у 2018 годзе таксама будзе закрытае генконсульства Беларусі ў Адэсе (Украіна).

Пытанні аптымізацыі апарату МЗС абмяркоўваліся 18 студзеня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Макеем. Як паведаміў міністр, цэнтральны апарат МЗС падчас аптымізацыі скарочаны прыкладна на траціну, замежных устаноў — на 15%. Паводле слоў Макея, будзе нададзена больш увагі працы ў тых краінах, узаемадзеянне з якімі прыносіць большую аддачу.