Фота: Netflix

У фантастычны фільм «Нямы», які зняў Дункан Джонс — родны сын Дэвіда Боўі, трапілі фрагменты песень гурта «J:морс», піша tut.by. Кінастужка выйшла ў пракат днямі.

Дзеянне карціны адбываецца ў Берліне 2052 года. Галоўны герой фільма — нямы бармэн Леа, які спрабуе знайсці сваю згубленую каханую. У фільме здымаліся Аляксандр Скарсгард («Меланхолія», «Вялікая маленькая хлусня»), Пол Рад («Правілы вінаробаў», «Чалавек-мураш»), Джасцін Тэру («Малхоланд драйв») ды іншыя.

У фільм трапілі фрагменты дзвюх песень «J:морс» — «Босиком по мостовой» і «Айсбергі». Іх слухае ў навушніках галоўны гангстар Максім. Таксама ў стужцы выкарыстоўваецца музыка Дэвіда Боўі, Філіпа Гласа, гурта Nirvana ды іншых амерыканскіх і нямецкіх артыстаў.

Як распавёў прома-дырэктар «J:морс» Зміцер Безкаравайны, аўтары фільма шукалі дзве прыгожыя балады па-руску. Яны выйшлі на агенцтва, якое працуе з беларускім гуртом у Маскве, а агенцтва прапанавала песні «J:морс».

Фільм «Нямы» эксклюзіўна распаўсюджваецца праз Netflix — адзін з найбуйнейшых сусветных онлайн-сэрвісаў для кіно і серыялаў.